Кабанчук: Вызваленне Беларусі магчымае толькі сілавым шляхам
Вадзім Кабанчук / Malanka Media
Вызваленне Беларусі магчымае толькі сілавым шляхам, таму што рэжымы кшталту лукашэнкаўскага і пуцінскага не могуць быць скінуты на выбарах або з дапамогай санкцый. У гэтым упэўнены намеснік камандзіра палка імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Інтэрв'ю з ім публікуе "Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове".
Па словах Кабанчука, менавіта сілавы сцэнарый вызвалення Беларусі — прычына непаразуменняў паміж "каліноўцамі" і часткай беларускіх дэмсіл.
"Яны працягваюць думаць у кантэксце падзей 2020 года, гавораць аб выбарчым працэсе. А мы кажам, што пра гэта ўжо можна забыцца, у рэгіёне вайна, з Беларусі стралялі ракетамі, і мы не ведаем, што будзе далей, затое чуем заявы пра размяшчэнне ў краіне тактычнай ядзернай зброі", — тлумачыць пазіцыю фармавання вайсковец.
Кабанчук лічыць, што беларусам "абавязкова патрэбна свая нацыянальна-вызваленчая сіла, састаўной часткай якой будзе мілітарнае звяно". Ён кажа, што ў дадзены момант беларускія добраахвотнікі з'яўляюцца вайскоўцамі УСУ, таму пра самастойны паход на Беларусь не можа быць гаворкі.
"Але калі мы вызвалімся, то, як грамадзяне Беларусі, мы маем права змагацца за тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны супраць яе акупацыі. Гэта нашае права запісана ў Канстытуцыі Беларусі", — тлумачыць "каліновец".
Кабанчук перакананы, што беларускія добраахвотніцкія фармаванні ва Украіне — першая за сто гадоў вайсковая сіла, якая з'яўляецца беларускай па духу. Паводле яго слоў, цяперашняе беларускае войска не ёсць нацыянальным па сваёй сутнасці.
"Яны ніводнага стрэлу не зрабілі, калі нас акупавалі расіяне. Гэтая армія дапамагала Лукашэнку душыць пратэсты ў 2020 годзе. Мы ведаем пра настроі ў войску, яны не хочуць ваяваць супраць Украіны, яны супраць таго, каб выкарыстоўваць вайсковыя падраздзяленні для падаўлення пратэстаў у краіне , але яны нічога не зрабілі для таго, каб пакласці канец той самаўпраўнасці, якая сёння здзяйсняецца ў Беларусі. Я не бачу для іх ніякіх апраўданняў. Казаць, што, маўляў, мы проста выконвалі загады — гэта ўжо не апраўданне", — кажа Кабанчук.
На дадзены момант полк Каліноўскага аб'явіў збор на трал — грузавы прычэп для медслужбы. Падрабязнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.