Кабякоў у інтэрв'ю Forbes: Беларусь не пайшла на масавае звальненне работнікаў
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв’ю часопісу Forbes заявіў, што айчынная эканоміка дэманструе “ўстойлівую дынаміку развіцця”. Ён прызнаў, што дагэтуль яна адчувае наступствы сусветнага эканамічнага крызісу.
“Краіна не пайшла па шляху масавага звальнення работнікаў у сувязі са скарачэннем попыту на прадукцыю айчынных прадпрыемстваў, — кажа Кабякоў. — У сваю чаргу, гэта запатрабавала значнага ўкладання дзяржаўных сродкаў для падтрымкі рэальнага сектару эканомікі”. Па словах прэм’ера, давялося скараціць выдаткі на будаўніцтва аб’ектаў у сацыяльнай сферы.
Кабякоў дадаў, што Беларусь, маючы абмежаваныя прыродныя рэсурсы і высокую залежнасць ад знешніх фактараў, не маючы доступу да мора, захоўвае стабільную палітычную сітуацыю, дакладны эканамічны шлях і адкрытую знешнеэканамічную палітыку. Ён заявіў, што галоўны рэсурс нашай краіны — працалюбівы і таленавіты народ.
Беларускі прэм’ер распавёў, што 50% прамых замежных інвестыцый паступаюць у нашу краіну з Захаду. Ён прыгадаў дасягненні Беларусі ў IT-сферы, свабодныя эканамічныя зоны, у тым ліку індустрыяльны парк “Вялікі камень”.