Кабякоў: На стоадсоткавае пакрыццё выдаткаў па ацяпленні пакуль не выйшлі
Беларусь не знайшла поўнага паразумення з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду ў пытанні рэформы тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Пра гэта прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі Савета выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка, паведамляе прэс-служба ўрада.
Кабякоў паведаміў, што дзякуючы дапамозе Сусветнага банку ў Беларусі ажыццяўляюцца праекты па развіцці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, выкарыстанні біямасы для цэнтральнага цеплазабеспячэння.
З МВФ жа Беларусь не змагла дамовіцца наконт новай праграмы, бо прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі не задавальняе хуткасць беларускіх рэформаў у сістэме ЖКГ.
Беларускі ўлады заяўляюць. што за апошнія гады шмат зрабілі ў гэтай сферы. Але на поўнае стоадсоткавае пакрыццё выдаткаў па цеплавой энергіі пакуль не выйшлі.
"Тут нашы тарыфныя рашэнні ўвязаны з неабходнасцю глыбокай мадэрнізацыі і рэструктурызацыі ўсяго сектара. Сёння ў Беларусі пераважная большасць карыстальнікаў цеплавой энергіі не могуць рэгуляваць аб'ёмы яе спажывання, а ў сістэме ўсё яшчэ ёсць звышнарматыўныя страты. Мы разумеем, што прымушаць людзей плаціць за тое, на што яны не могуць паўплываць, і за тое, што яны не атрымлівалі, па меншай меры, несправядліва", — патлумачыў Кабякоў.
Ён лічыць, што трэба не толькі павышаць тарыфы, але і адначасова імкнуцца знізіць выдаткі і забяспечыць празрыстасць фармавання тарыфаў.