Каго б яшчэ мог “русізаваць” Крэмль

Пасля канфлікту ў Крыме некаторыя ўсур’ёз занепакоіліся, куды яшчэ Расія можа пайсці пад выглядам абароны “суайчыннікаў” і “рускамоўных”.

Брытанская газета Daily Telegraph называе латвійскі Дзвінск (Даўгаўпілс) “другім Крымам”: гэты горад з’яўляецца адзіным у ЕС, большасць у якім складаюць рускамоўныя.

Райманд Рублоўскіс з “Латвійскага інстытута міжнародных адносін” кажа, што сітуацыя ў яго краіне фундаментальна адрозніваецца ад украінскай: Латвія ў ЕС і НАТА. Хаця, працаваць ёсць над чым.

Райманд Рублоўскіс: “Урад, якія прыйдзе пасля выбараў ў кастрычніку, мусіць звярнуць вялікую ўвагу на сацыяльна-эканамічныя аспекты ў Латгаліі. Каб эканамічная сітуацыя аб’ядноўвала латвійскі народ. Латгалія адзін з рэгіёнаў, які патрабуе падтрымкі кампетэнтнай рэгіянальнай палітыкі”.

Тым часам аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў раіць увогуле разглядаць не рэгіёны з вялікім адсоткам этнічных рускіх і проста рускамоўных, а сыходзіць з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў. У тым жа Крыме пасля прыходу новай украінскай улады Крэмль спужаўся за свае вайсковыя базы і Чарнаморскі флот. У паўночным Казахстане таксама шмат рускіх і рускамоўных, але кагосьці “абараняць” Расія наўрад ці там будзе, як вынікае са словаў Дзяніса Мельянцова:

“Цяпер Казахстан грае важную ролю ў еўразійскай інтэграцыі, і расійскіх баз у Казахстане значна больш, чым у Беларусі. Іх бяспека гарантуецца тым, што ў Казахстане стабільная ўлада, добрыя адносіны, адбываецца эканамічная інтэграцыя. Адпаведна, Расіі няма сэнсу забіраць Байканур ці паўночную частку”.

Тое ж самае можна сказаць і пра Беларусь, дзе інтарэсы Расіі і так выдатна забяспечаныя.

А вось, дзе сапраўды баяцца паўтору “крымскага сцэнарыя”, дык гэта ў Малдове. Палітычны эксперт Аляксей Тулбурэ кажа, што сітуацыя ў краіне падобная да той, што была ва Украіне да рэвалюцыі: дзяржаўныя інстытуты кантралююцца алігархічнымі групоўкамі. Да таго ж, у краіне квітнее карупцыя, жудаснае сацыяльнае становішча і адсутнічае разуменне таго, што рабіць з “сепаратысцкімі” Прыднястроўем і Гаўгазіяй.

Аляксей Тулбурэ: “На фоне ўсяго гэтага эксперты ў Кішынёве запускаюць нейкі сцэнарый, згодна з якім, Прыднястроўе аб’явіць аб сваёй незалежнасці. У 2006-м годзе ўжо быў такі рэферэндум: большасць выказалася за незалежнасць рэгіёна. Цяпер нешта падобнае можа паўтарыцца, і Расія можа адрэагаваць не так, як рабіла дагэтуль. Дагэтуль яна не прызнавала права Прыднястроўя на аддзяленне і незалежнасць”.

На думку Аляксея Тулбурэ, вырашыць праблему Прыднястроўя і Гаўгазіі можна. Для гэтага трэба правесці дэмакратычна і з выкананнем усіх працэдур бліжэйшыя парламенцкія выбары (у лістападзе). Можа, тады Прыднястроўе адмовіцца ад ідэі шчыльнай інтэграцыі з Расіяй. Па-першае, не так проста гэта зрабіць геаграфічна, па-другое, 40% жыхароў Прыднястроўя ўсё ж такі малдаване.

Цікава, што нават у Фінляндыі гучаць галасы ледзь не за аб’яднанні з Расіяй. У аўтарытэтным фінскім часопісе Suomen Kuvalehti грамадскі дзеяч, бізнэсмэн і юрыст Ханн Крогерус задаецца пытаннем, ці магла б Фінляндыя стаць “расійскім Ганконгам”. І станоўча на яго адказвае.

Фота: dyn.politico.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі