Расія хоча наладзіць чыгуначныя зносіны паміж акупаваным Крымам і Беларуссю
Цягнік "Мінск-Сімферопаль" не ходзіць з 2014 года
Расія хоча наладзіць чыгуначныя зносіны паміж акупаваным Крымам і Беларуссю. Першых беларускіх пасажыраў чакаюць на пачатку турыстычнага сезону. Пра гэта піша "РИА Новости" са словаў Георгія Мурадава — прадстаўніка Крыма пры прэзідэнце Расеі.
"Пра сувязь па чыгуначнай лініі мы гаворым з нашымі беларускімі партнёрамі гады два. Напрацоўкі ёсць", — заяўляе Мурадаў.
Везці беларусаў на пачатку мяркуецца прычапнымі вагонамі. Спярша яны будуць ехаць з цягнікамі ў Расію, а потым іх будуць перачэпліваць на цягнікі ў Крым.
Па словах Мурадава, Крым зацікаўлены ў Беларускіх турыстах, таму мясцовыя акупацыйныя ўлады думаюць пра адкрыццё прамых авіярэйсаў і паўнавартасныя чыгуначныя зносіны.
Да 2014 года з Беларусі хадзіў цягнік "Мінск-Сімферопаль", але пасля акупацыі Крыма яго маршрут скарацілі — толькі да Запарожжа.
Мінскі рэжым афіцыйна не прызнаў Крым, але актыўна гандлюе з мясцовай акупацыйнай адміністрацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.