“Калі б я ехаў па Маскве на бронетранспарцёры — яшчэ і вызвалялі б дарогу"

120510 Tarasau_site.mp3

Еўрарадыё: Адкуль узнікла такая ідэя і адкуль у вас аўтамат?

Павел Тарасаў: Ідэі як такой і не было. Здароваму такое ў галаву не прыйдзе. Мы ладзілі мерапрыемства супраць пагрозы NATO ў рамках камуністычнай дэманстрацыі. Там быў такі перформанс, дзе нібы салдат Савецкай Арміі вядзе палоннага натаўца. Там быў макет аўтамата “Калашнікаў”, вельмі падобны да арыгіналу. Вяртаючыся, мы вырашылі паглядзець, як будуць рэагаваць нашыя мужныя супрацоўнікі паліцыі на чалавека з аўтаматам у цэнтры горада. 

Еўрарадыё: І як жа тыя рэагавалі?

Павел Тарасаў: Або ніяк — рабілі выгляд, што нічога не заўважылі, або калі ўжо аказваліся побач, проста адводзілі вочы, глядзелі на неба, паварочваліся ў іншы бок, у іх пільна з’яўляліся іншыя справы. А падысці ды запытацца, ці ёсць у мяне дакументы і што гэта наогул такое — не падышоў ніводзін. 

Еўрарадыё: А як вы былі апрануты? У цывільным ці, у сувязі з інсцэнізацыяй, у нейкай вайсковай форме?

Павел Тарасаў: Ніякай вайсковай формы я не меў — звычайная цывільная вопратка: джынсы, кашуля, куртка.

Еўрарадыё: А як рэагавалі мінакі? 

Павел Тарасаў: Рэакцыя была розная: хтосьці здзіўляўся, хтосьці забаўляўся… Калі мы зайшлі ў "МакДоналдс" — гэта выклікала вялізную весялосць у прадаўшчыц, у наведвальнікаў. І зноў жа ў "МакДоналдсе" было шмат працаўнікоў паліцыі, якія зайшлі туды падсілкавацца, — ніводзін з іх не адрэагаваў, не падышоў, не спытаўся. 

Еўрарадыё: Можа, турысты з вамі хацелі сфатаграфавацца?

Павел Тарасаў: Не — пэўна, не трапіў я на пешаходныя турыстычныя маршруты. Ды й турысты стараліся не з’яўляцца на вуліцах горада: у сувязі з апошнімі мерапрыемствамі ў цэнтры многія хацелі пазбегнуць прагулак, бо масава затрымлівалі нават звычайных мінакоў у тых месцах, дзе грамаздзілася апазіцыя. 

Еўрарадыё: Адзінай гарантыяй, што вас не затрымалі, мабыць, быў аўтамат, бо невядома было, ці ён сапраўдны…

Павел Тарасаў: Так. Яны сарамліва адводзілі вочы і ніхто не пытаўся. За стужачку, хутчэй за ўсё, затрымалі б адразу, а аўтамат, пэўна, ніяк не замінае нашым праваахоўным органам… У нас нават былі такія крамольныя думкі: паспрабаваць спалучэнне аўтамат ды стужка — што б пераважыла… Пакуль не дайшло да такіх эксперыментаў, але сімптом надта трывожны. Калі ўзброены чалавек ходзіць па цэнтры горада і яму нічога за гэта не будзе, а пры гэтым чалавека без сімволікі, плакатаў, агітацый забіраюць за знаходжанне ў нейкім месцы — гэта выклікае пэўную трывогу. 

Еўрарадыё: Можа наступным разам трэба паспрабаваць бронетранспарцёр. Цікава, ці ДАІ адрэагуе?

Павел Тарасаў: Праблема ў тым, што няма бронетранспарцёра. Але ў мяне ёсць упэўненасць, што ніякіх праблем з праездам не будзе. Яны будуць думаць, што ўсё нармальна, што чалавек едзе, куды яму сказалі, ды самі будуць вызваляць дарогу.

Еўрарадыё: Заснавальнік “ВКонтакте” Павел Дураў нядаўна сказаў, што 67 гадоў таму Сталін адваяваў у Гітлера права рэпрэсаваць народы СССР. Якое вашае асабістае стаўленне да гэтай даты?

Павел Тарасаў: Гэта Дзень Перамогі, гэта свята для ўсіх. Гэта дзень, калі нашая краіна адбіла ўварванне звонку, абараніла сябе ад зверстваў фашыстаў. Гэтае свята далося нам дорага, і наш абавязак, як нашчадкаў тых воінаў, бараніць прынамсі іх добрае імя. Таму ніякіх дыскусій пра гэта не можа быць. Ды й у нас іх і няма: асобы накшталт Дурава — гэта адзінкавыя выпадкі. Тое, што ён напісаў — гэта яго асабістае глупства. Цяпер савецкая істэрыя адыходзіць на другі план і сёлета ў нас у Маскве вывесілі па ўсім горадзе сцяг Перамогі — чырвоны з сярпом і молатам. Усе шчыра гэтае свята адсвяткавалі — у гэтым плане насельніцтва дастаткова маналітнае.

Фота паходзіць з http://tsybankov.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі