“Калі выдавалася "Наша ніва"?”. Як Смілевіч здавала сесію і трапіла на адлічэнне

“Калі выдавалася "Наша ніва"?”. Як Смілевіч здавала сесію і трапіла на адлічэнне

Старшыня моладзі БНФ Ганна Смілевіч — у спісе на адлічэнне з другога курса Інстытута журналістыкі БДУ. Гэта Еўрарадыё пацвярджаюць у дэканаце:

“У яе не здадзеныя тры экзамены, што па законе дазваляе падаць яе на адлічэнне. Далей — вырашае рэктарат”.

Да тэмы адлічэння актывісткі ў БДУ ставяцца насцярожана і адміністрацыя, і студэнты, і выкладчыкі. Еўрарадыё знайшло сведак, якія здавалі экзамен разам з Ганнай, і яны ўсе адмаўляюўцца называць свае імёны, ці наогул размаўляць пра экзамен.

“Ганна добра валодае мовай, таму для яе не праблема размаўляць. Па тэме ці не, не памятаю. Ёй пачалі задаваць дадатковыя пытанні: “Калі ўзнікла журналістыка?”, “Першая газета на тэрыторыі Беларусі (год і назва)”, “Калі выдавалася “Наша ніва”?”. Канкрэтна такіх пытанняў у спісе да экзамену няма”, — распавядае аднакурсніца Ганны пра экзамен па “Журналісцкай этыцы”. Гэта апошні экзамен, які старшыня моладзі БНФ не здала.

Дадатковыя пытанні задавалі не ўсім, але і не толькі адной Ганне Смілевіч.

“Ганна выйшла з экзамена, сышла кудысьці, а пасля сказала, што яе адлічваюць. У нас былі выпадкі, калі ў чалавека было і чатыры пераздачы”, — расказвае яшчэ адна аднакурсніца Ганны Смілевіч.

У мінулую сесію пераздач у актывісткі не было, пропускаў не шмат. “Не завучка, але і не двоечніца”, — так характарызуюць дзяўчыну сакурснікі.

“Ганна не выдзялялася звышведамі, але нельга сказаць, што яна вучылася дрэнна і прагульвала. Здаецца, пераздач у яе не было. Дарэчы, на гэтай сесіі для ўсёй групы пераздач было найбольш”.

Як даведалася Еўрарадыё, на перайздачу экзамена па стылістыцы рускай і беларускай мовы пайшло 8 чалавек, экзамена па журналісцкай этыцы — 4 чалавекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі