Каля сотні людзей у Гродне амаль месяц жывуць без вады (фота)
У Гродне каля сотні чалавек амаль месяц жывуць без вады. Пасля аварыі на воданапорнай вежы ўлады не спяшаюцца з пачынкай, а людзі мыюцца дажджавой вадой.
Аварыя адбылася яшчэ ў сярэдзіне красавіка, з таго часу жыхары вул. Старая Альшанка застаюцца без вады. Раней тут была вёска Альшанка, але цяпер больш за 40 хатаў афіцыйна ўваходзяць у склад гораду.
Водаканал за пачынку брацца не хоча, бо усе сістэмы водапастаўкі нібыта лічацца на балансе калгасу. Чыноўнікі на звароты адказваюць адпіскамі або пасылаюць да сваіх калегаў: раённая ўлада ківае на горад, гарадскія чыноўнікі — на раён.
"Ездзілі на водаканал, там адказалі — плаціце мільён за адзін рэйс цыстэрны з вадой, — распавядае 70-гадовая мясцовая жыхарка. — 40 год, мусіць, ніхто не чысціў гэтыя трубы. Вось і зламалася сістэма. Побач зусім горад, а ў нас вады няма. Смешна ж! Пад домам бочкі стаяць, дажджавую ваду збіраем… А хто мне старой ваду прывязе?.."
Бліжэйшая крыніца знаходзіцца ў вёсцы Каменка, за 5 кіламетраў ад былой Альшанкі. Той, хто мае машыну або мотаблок, возіць цыстэрны адтуль, старэйшыя ж вымушаныя прасіць у аднавяскоўцаў або карыстацца дажджавой вадой.
"Я немцаў бачыла, перажыла, а зараз лыжкі вады няма мне! — абураецца іншая сталая жанчына. - Ці можна жыць так на свеце? Ці гэта сталінскія часы пачынаюцца ў нас: “І жыць харашо, і жызнь хараша…”? Малады сабе можа вады прывезці, а старых ужо вазьміце пабіце — ды ў яму, каб не мучыліся мы…"
Раней яшчэ вяскоўцы спрабавалі рабіць свідравіны, але фірмы проста не хочуць тут працаваць: вада глыбока, каля 60 метраў, а зямля камяністая — можна пашкодзіць абсталяванне. З гэтай самай прычыны ў вёсцы няма калодзежаў — у апошнім знікла вада яшчэ ў 1960-я.
Калі сітуацыя не зменіцца, жыхары вуліцы Старая Альшанка маюць намер пісаць прэзідэнту і ў пракуратуру.