Каманда беларуса Антона Іокава перамагла ў восеньскай серыі "Што? Дзе? Калі?"
Каманда Барыса Белазёрава, у якой гуляе беларус Антон Іокаў, перамагла ў восеньскай серыі "Што? Дзе? Калі?" і забяспечыла сабе права выступаць у фінальнай — зімовай серыі гэтага расійскага тэлешоў. Гульня прайшла позна ўвечары 29 кастрычніка ў жывым эфіры "Першага канала" і скончылася з лікам 6:4 на карысць знатакоў.
Знатакі прайгралі першыя тры пытанні, адным з якіх быў супербліц, калі за сталом застаецца толькі адзін гулец. Пры ліку 0:3 Антон Іокаў даў датэрміновы адказ на пытанне пра тое, якім простым спосабам жыхар Лондана можа даведацца, колькі зараз часу ў Дэлі:
Адказ такі: дзякуючы адмыслова ўведзенай брытанцамі розніцы ў часе ў 5,5 гадзінаў для гэтага трэба папросту первярнуць гадзіннік.
Але лепшым гульцом і ўладальнікам Крышталёвай савы ўсё ж быў прызнаны капітан каманды Барыс Белазёраў. Наступным разам мы пабачым гэтую каманду зусім хутка — у зімовай серыі яна пазмагаецца за права называцца лепшай камандай года.