Карбалевіч — пра справу "КП у Беларусі" і Генадзя Мажэйкі: Расійская капітуляцыя
Беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч пракаментаваў справу "КП у Беларусі" і журналіста Генадзя Мажэйкі. Ён лічыць, што мы сталі сведкамі "расійскай капітуляцыі".
Карбалевіч нагадвае, што "спачатку прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў два разы грозна памахаў пальцам па адрасу афіцыйнага Мінску" з нагоды блакавання ў Беларусі сайта выдання. Пасля былі падобныя выказванні яшчэ шэрагу расійскіх дэпутатаў і сенатараў, "паўафіцыйных асобаў". "Галоўны рэдактар "КП" Уладзімір Сунгоркін быў сама непрымірымасць і непахіснасць", — піша палітолаг.
Ён лічыць, што "замах быў моцны". "Здавалася б, карыстаючыся слабасцю і большай залежнасцю Лукашэнкі ад Расіі, дзеля вырашэння такога дробнага пытання не спатрэбіцца шмат намаганняў", — працягвае Валерый Карбалевіч. Аднак 5 кастрычніка раптоўна было абвешчана, што беларускае прадстаўніцтва "КП" ("любімай газеты Пуціна") закрываецца.
"Фактычна ўсё гэта азначае падпісанне Расіяй акту аб капітуляцыі, — падкрэслівае Карбалевіч. — І гэтая краіна прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы?".
Журналіст Генадзь Мажэйка застаецца за кратамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.