Карту паляка больш не выдадуць беларусам, якія не маюць продкаў-палякаў
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў змены ў закон аб Карце паляка, паведамляецца на яго афіцыйным сайце. Цяпер Карту паляка не змогуць атрымаць нашчадкі грамадзян Другой Рэчы Паспалітай (міжваеннай Польшчы), калі іх продкі не былі этнічнымі палякамі па паходжанні.
У каментары nn.by старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс заявіла, што згодная з такім рашэннем. "Калі казаць пра Саюз палякаў, то тут не бачу праблем, бо ў нас палякі па паходжанні. Карта паляка — гэта прыналежнасць да польскага народу. Я згодная што для яе атрымання трэба даказаць польскае паходжанне. Гэта абмяжуе толькі тых, хто проста хацеў проста атрымаць карту паляка ў сваіх мэтах", — патлумачыла Борыс.
Між тым, раней ужо агучваліся факты, што некаторыя агенцтвы за грошы выдаюць фіктыўныя даведкі пра польскае паходжанне продкаў. Пры гэтым яны спасылаюцца на няісныя гістарычныя дакументы.
Дарэчы, карты паляка атрымалі ўжо каля 100 тысяч грамадзян нашай краіны. Гэты дакумент дае магчымасць бесперашкодна жыць, працаваць і бясплатна вучыцца на тэрыторыі Польшчы, прыязджаць на тэрыторыю гэтай краіны без шэнгенскай візы і падарожнічаць цягнікамі са зніжкай 37%.