Кастусёў: сёння ўлады зацікаўленыя ў падвышэнні патрыятызму беларусаў

Кастусёў: сёння ўлады зацікаўленыя ў падвышэнні патрыятызму беларусаў

28 лістапада старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў перадаў намесніку кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэю Кунцэвічу план дзеянняў на 2020 год "па ўзмацненні патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці". Палітык перакананы — сёння ўлады самі зацікаўленыя ў падвышэнні патрыятызму шараговых беларусаў.


"Як я бачу, улады сёння занепакоеныя тымі працэсамі, ініцыятыва наконт якіх ідзе з боку Крамля (паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расіі. — Еўрарадыё). І сёння беларускія ўлады загнаныя Крамлём у кут. На жаль, беларускія ўлады не бачаць выйсця з гэтага кута. У пэўнай ступені нашы прапановы і ёсць канкрэтнай тэарэтычнай дапамогай, якая паспрыяе выхаду з гэтага кута. Але для рэалізацыі нашых прапаноў неабходныя супольныя дзеянні грамадскасці, дзяржавы і нават партый", — кажа Рыгор Кастусёў.


Што, якія мерапрыемствы на думку стваральнікаў плана павінны паспрыяць узмацненню патрыятызму ў беларусаў? Гэта, кажа старшыня ПБНФ, шырокае і масавае святкаванне Дня роднай мовы 21 лютага, Дня Волі 25 сакавіка, 100-годдзе Слуцкага ўзброенага паўстання, Дзень вышыванкі і шэраг іншых мерапрыемстваў.


Кастусёў: "Тое, як беларусы адгукнуліся і паказалі сябе на пахаванні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў у Вільні 22 лістапада, сведчыць: дзяржаўная ідэалагічная машына прабуксоўвае, ім няма чаго беларусам прапанаваць і чым іх зацікавіць. А ў нас ёсць чым. І мы прапаноўваем уладам шмат якія мерапрыемствы праводзіць разам. У нас ёсць ідэі, якія ўспрымуцца станоўча беларускім народам".

А калі ў пэўных мерапрыемствах дзяржава ніякім чынам браць удзелу не хоча, кажа палітык, то галоўнае, каб яна не перашкаджала грамадскасці самастойна тыя мерапрыемствы ладзіць.


"Калі ўлада падтрымае наш план, калі хаця б скажуць, што яны не маюць нічога супраць яго, то мы зможам больш шырака адзначыць, да прыкладу, Дзень роднай мовы. Правесці пэўныя мерапрыемствы па ўсіх школах Беларусі. Бо сёння часцяком дырэктары школ адмаўляюцца прымаць нашы прапановы, бо не ведаюць, як на гэта адрэагуюць "наверсе". Наяўнасць з боку дзяржавы палітычнай волі здыме шмат якія перашкоды", — перакананы Рыгор Кастусёў.


Нічога дзіўнага ў тым, каб Дзень вышыванкі ладзілі сумесна БРСМ і Арт Сядзіба, лідар Партыі БНФ не бачыць. Як і ў тым, каб грамадскія актывісты і апазіцыйныя партыі ладзілі Дзень Волі разам з "Белай Руссю" і мясцовымі ўладамі.


Дарэчы, пад словамі "ўзмацненне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці" стваральнікі плана маюць на ўвазе не менш, як... фармуляванне беларускай нацыянальнай ідэі! Маўляў, ніякая націдэя без удзелу дзяржавы сфармулявана быць не можа. Таму далей Кастусёў прапануе Еўрарадыё займацца пошукам націдэі разам, напрыклад, з Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта. Ну, не ведаем...


Лідар ПБНФ спадзяецца, што іх ініцыятыва будзе падтрыманая ўладамі, а прапанаваны план ухвалены. Па словах Кастусёва, цягам месяца яму павінны даць адказ і ён чакае атрымаць прыемны сюрпрыз да навагодніх святаў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі