"Казаў, што тут лавіць няма чаго": у гучным рабаванні ў Вене замешаны беларус?
Фота са старонкі ва "УКантакце"
23 верасня двое мужчын здзейснілі ўзброены напад на ювелірную краму ў венскім раёне Фларыдсдорф. Яны некалькі разоў стрэлілі ва ўладальніка крамы і яго дачку з траўматычнага пісталета, а потым разбілі вітрыну крэслам і забралі каштоўнасці.
Heute.at са спасылкай на аўстрыйскую паліцыю піша, што за тыдзень да нападу машына, на якой прыехалі злачынцы, была набытая беларусам Эдуардам Здановічам. Цяпер ён — адзін з падазраваных. Пасля рабавання мужчыны селі ў машыну і схаваліся. Іх аўтамабіль быў знойдзены ў Хохляйтэне каля чэшскай мяжы пашкоджаным: магчыма, рабаўнікі патрапілі ў аварыю.
Казаў, што ў Беларусі лавіць няма чаго
У размове з Еўрарадыё знаёмыя і сябры Эдуарда Здановіча дзівяцца навіне: "Я ў шоку — такога проста не можа быць. Гэта не ён", — кажа Вольга, якая знаёмая з Эдуардам каля 10 гадоў.
Дзяўчына расказала, што тры гады таму 36-гадовы Здановіч паехаў з роднага Гродна ў Польшчу і заняўся там грузаперавозкамі. Спачатку спрабаваў наладзіць уласны бізнес, але пасля ўладкаваўся ў фірму і пачаў ездзіць па краінах Еўрасаюза. Апошні раз яна мела зносіны з Эдуардам каля двух месяцаў таму:
"Ён мяне часта да сябе клікаў. Ці то пакой здымаў, ці то кватэру. Я бываю ў Польшчы, у мяне сябры там. Але да яго так ні разу і не з'ездзіла. Ён казаў, што яму падабаецца, зарплата прыстойная, што ў Беларусі лавіць няма чаго. Адзінае, што яго турбавала, дык гэта тое, што ён адзін быў. Казаў, калі б дзяўчына была, то было б лепш. Ён сустракаўся з адной, не памятаю, як завуць, але не склалася".
Вольга расказала, што Эдуард збіраўся купляць новую машыну.
Сядзеў у Беларусі за наркотыкі
"Так з'ехаў з РБ, у міжнародны вышук не аб'яўлены, нічога не даказана, а столькі шуміхі", — кажа прыяцелька Здановіча Таццяна. Паводле яе слоў, хлопец "добры, спагадлівы і кампанейскі".
Эдуард Здановіч скончыў гродзенскі філіял Інстытута правазнаўства па спецыяльнасці "Правазнаўства". Ва "УКантакце" ў яго шмат фатаграфій машын, а галоўнай фатаграфіяй ён паставіў здымак з байцовым сабакам.
Па словах знаёмых, да ад'езду ў Польшчу мужчына адбываў пакаранне ў беларускай калоніі. Яго знаёмы Яўген расказаў, што Эдуарда асудзілі за наркотыкі.
"Ды яго падставілі... — расказалі блізкія Эдуарда Onliner.by — Сябар папрасіў прывезці з Польшчы, на мяжы і ўзялі".
Бацькам апошні раз Эдуард тэлефанаваў у пачатку верасня. Ён казаў, што неўзабаве збіраецца прыехаць у Беларусь.
Ці датычны беларус да рабавання або рабаўнікі выкарыстоўвалі яго машыну без яго ведама, пакуль невядома. Пошукі злачынцаў працягваюцца.