Кіроўцу, які пракаціў сяброў на капоце аўто ў Гродне, будуць судзіць
Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне па факце дарожнага здарэння ля возера Юбілейнае ў Гродне. Вынікам інцыдэнту, які адбыўся 10 жніўня, стала гібель чалавека.
Кіроўца “Альфа Рамэа”, 22-гадовы раней судзімы малады чалавек, вырашыў пакатаць на капоце машыны сваіх сяброў. Падчас гэтай экстрэмальнай паездкі ён урэзаўся ў дрэва, а хлопцы ўпалі з капота. Адзін з іх загінуў, іншы атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Загінуламу быў 21 год, іншаму пацярпеламу — 19.
Расследаванне, якое правёў Следчы камітэт, выявіла, што апроч забароненага катання пасажыраў на капоце кіроўца таксама парушыў хуткасны рэжым. Таксама ён знік з месца здарэння і пакінуў пацярпелых у небяспецы, не аказаўшы ім патрэбнай дапамогі. Ён хаваўся ў сваякоў у вёсцы пад Гродна, дзе яго затрымалі.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Яго таксама абвінавачваюць у тым, што ў момант здзяйснення аварыі ён быў нецвярозым, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Фота: Следчы камітэт