Кітайскіх студэнтаў у Беларусі будуць кантраляваць два тыдні пасля прылёту
Кітайскіх студэнтаў у Беларусі бяруць пад асаблівы кантроль медыкаў. Пра гэта заявіла намесніца галоўнага лекара па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.
Па яе словах, шмат кітайскіх студэнтаў на вакацыях ездзяць дадому. "Пасля вяртання ў Беларусь мы дбайна праверым іх здароўе. У прыватнасці, усталюем за кожным двухтыднёвае медыцынскае назіранне", — перадае словы Глінскай агенцтва "Мінск-Навіны".
Таксама яна нагадала, што ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" узмоцнены санітарна-эпідэміялагічны кантроль: пасажыраў правяраюць з дапамогай цеплавізараў. Пры падазрэнні на каранавірус іх шпіталізуюць.
Пакуль што ў Беларусі не выяўленыя выпадкі каранавіруснай інфекцыі, якая выклікае небяспечную пнеўманію.
На каранавірус, які выявілі ў Кітаі, ужо захварэлі больш за 800 чалавек, з іх 26 памерлі. Кітайскія ўлады закрылі некалькі гарадоў, дзе выявілі гэты вірус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.