Колькасць замежнікаў, якія карыстаюцца "бязвізам" у РБ, зменшылася на 20%
На беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Колькасць замежнікаў, якія карыстаюцца беларускім "бязвізам", у параўнанні з пачаткам мінулага года істотна паменшала — больш як на 20%. Гэта вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі.
За першыя два тыдні 2024 года (1-15 студзеня) памежнікі паведамлялі, што "бязвізам" скарысталіся 6305 жыхароў краін Еўрасаюза — 3415 грамадзян Літвы, 1242 грамадзяніны і 288 неграмадзян Латвіі, а таксама 1360 грамадзян Польшчы.
Пачатак 2025 года выглядае больш сціпла: за 1-13 студзеня было ўсяго 4886 замежнікаў з 38 краін, уключаных у спіс "бязвізу". Паведамляецца, што большасць падарожнікаў прыехалі зноў жа з суседніх з Беларуссю краін — Літвы, Латвіі ды Польшчы.
Варта нагадаць, што 19 ліпеня 2024 года спіс "бязвізу" павялічыўся адразу на 35 еўрапейскіх краін. Аднак ахвочых прыехаць у дзяржаву, якой кіруе Лукашэнка, чамусьці не пабольшала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.