Колькі грошай патрацілі патэнцыйныя кандыдаты на збор подпісаў?

З вуліц зніклі пікеты з партрэтамі прэтэндэнтаў у прэзідэнты і зборшчыкі подпісаў, ніхто не ходзіць па кватэрах у пошуках вашага подпісу. Час падвесці прамежкавы вынік: у колькі гэты этап кампаніі абышоўся удзельнікам перадвыбарчай гонкі.

Па словах лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча, кампанія па зборы подпісаў… нічога яму не каштавала.

“Што я магу траціць? Ну, вось давай глядзець сюды, ― пачынае загібаць пальцы Гайдукевіч. ― У нас па Мінску 9 пераносных пікетаў. Адкрываеш сайт за 2012 год і бачыш: стаіць Крыжаноўскі на фоне тых жа металічных пікетаў. Значыцца, пікеты ў мяне ёсць. Дастаўка людзей і абсталявання пікета на месца пікетавання: так усе на машынах ― у партыі больш за 1 тысячу прадпрымальнікаў”.

Што да друкаваных партрэтаў Гайдукевіча на пікетах, маек з яго выявай на зборшчыках падпісаў ды іншых каляндарыкаў, то, кажа суразмоўца Еўрарадыё, іх зрабілі некалькі гадоў таму. Ну, і за подпісы нікому не плацілі ― зборшчыкамі ж былі не валанцёры, а партыйцы. З імі Гайдукевіч абяцае разлічыцца пасля выбараў: каму грамату ганаровую, каму павышэнне па партыйнай лесвіцы.

Лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін сцвярджае, што яму ўдалося ўкласціся ў тыя 10 мільёнаў рублёў, якія людзі пералічылі ў яго фонд.

Сяргей Калякін: “Гэта ў асноўным транспарт, выраб улётак з аўтабіяграфічнымі звесткамі, нейкія траты на тое, каб зрабіць стэнды для пікетаў. Вось, такія траты ў асноўным. І не кажыце, што гэта малая сума ― нармальная сума 10 мільёнаў!”

І зразумела: валанцёрам-зборшчыкам подпісаў левыя, кажуць, нічога не плацілі.

Колькі патраціла ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч за час збору подпісаў, кіраўнік гэтай групы Андрэй Дзмітрыеў не кажа нават прыблізна. Маўляў, акурат цяпер яны ўсё падлічваюць і калі будуць дакладныя лічбы, тады іх і агучаць. Нават абяцае, што Еўрарадыё будзе першым, каму гэтую інфармацыю давядуць.

Займаюцца падлікамі патрачанага і ў штабе Мікалая Улаховіча. Праўда, кіраўнік ініцыятыўнай групы “казацкага атамана” Міхаіл Образаў даволі вобразна кажа пра памер патрачанай сумы.

Міхаіл Образаў: Ну, я думаю, што нейкі там мільён і крыху больш, напэўна…

Еўрарадыё: Так што, вы і 100 долараў нават не патрацілі?!

Міхаіл Образаў: Больш за мільён! А больш за мільён гэта і 10 мільёнаў можа быць, і 100 мільёнаў, пагадзіцеся. Падлічваем… Бо фонд фондам, а ёсць людзі, якія за ідэі свае грошы трацілі”.

Калі ўжо казаць пра фонд, то там у Мікалая Улаховіча ляжыць ажно 100 тысяч рублёў. І ні капейкі з іх беражлівымі казакамі на кампанію па зборы подпісаў патрачана не было.

АГП, заяўляе цяпер ужо былы прэтэндэнт у прэзідэнты Анатоль Лябедзька, ад пачатку кампаніі “гуляла па сваім сцэнарыі і не звяртала ўвагі на нейкія фармальнасці, якія не маюць ніякіх адносінаў да свабодных сумленных выбараў, да стандартаў АБСЕ”. І таму трацілі, колькі маглі і як хацелі.

Анатоль Лябедзька: “Выдаткі былі на інфармацыйную прадукцыю ― у нас яе было дастаткова багата, на паездкі па рэгіёнах, абсталяванне для пікетаў. Усё гэта патрабавала выдаткаў. І гэта ― дзясяткі і дзясяткі мільёнаў рублёў. Не ведаю, ці дайшло да сотні”…

Што ж гэта за грошы, калі ў Лябедзькі нават выбарчага фонду не было? “Мы ўсе аплаты рабілі праз партыйны рахунак”, ― сціпла адказвае лідар АГП. Без удакладненняў…

І толькі Віктар Цярэшчанка шчыра прызнаецца не толькі ў тым, што сам грошы з дома вынес, але і ў тым, што гэтым жа займаліся і сябры яго ініцыятыўнай групы. І навыносілі ажно… на 1 мільярд рублёў!

Віктар Цярэшчанка: “Калі ўлічваць амартызацыю машын, транспарт, паліва ― ездзіш жа пастаянна! ― траты людзей на прыезд у Мінск, каб прывезці сюды падпісныя аркушы, расходы на пікеты, выраб прадукцыі, іншае, то гэта прыблізна каля 1 мільярда рублёў. Але, падкрэсліце гэта асабліва, каб мяне не знялі, грошы, патрачаныя спонсарамі і людзьмі непасрэдна са сваёй кішэні, з фонду ў дужках дзеючага заканадаўства”.

Цярэшчанка прызнаецца, зборшчыкам за сабраныя подпісы плацілі. Але канкрэтную лічбу, колькі каштуе адзін подпіс за прэтэндэнта не называе. Упэўнівае, што сам не ведае. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі