Новы прытулак для ахвяраў хатняга гвалту адкрыўся ў Мінску

Яго адкрыла міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендэрныя перспектывы” ў рамках беларуска-аўстрыйскага праекту.

Як паведаміла БелаПАН піяр-менеджэр гэтай арганізацыі Святлана Мацкевіч, шэлтэр размясціўся ў трохпакаёвай кватэры, дзе ёсць усё неабходнае для жыцця. Прытулак можа прыняць трох жанчын з дзецьмі, і цяпер у ім пражывае пяць чалавек.

Жанчыны могуць заставацца ў шэлтэры цягам аднаго-трох месяцаў. Ім дапамагаюць псіхолаг, юрыст і спецыяліст па сацыяльнай працы, прычым не толькі на час пражывання ў прытулку, але і пазней. Калі жанчына экстрана звярнулася ў прытулак, ёй даюць грошы на першы час, ежу і медыкаменты

Каб трапіць у прытулак, трэба звярнуцца на гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту: 8-801-100-8-801.

Як сцвярджаюць спецыялісты, праблема хатняга гвалту застаецца для Беларусі актуальнай і такіх прытулкаў не хапае. На сёння ў краіне дзейнічаюць усяго чатыры такіх прытулкі — тры ў Мінску і адзін у Лідзе. Апроч таго, пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць 74 гэтак званыя крызісныя пакоі, але там нельга знаходзіцца кругласуткава.

Між тым аналіз зваротаў на “гарачую лінію” пацярпелых сведчыць ад актуальнасці гэтай праблемы для Беларусі. У 95% выпадкаў ахвяраў робяцца жанчыны, траціна з іх — ва ўзросце 27-40 гадоў, а ў ролі агрэсара ў 86% выпадкаў выступае мужчына, часцей за ўсё муж ці былы муж пацярпелай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі