Кучма: пазіцыя прадстаўнікоў "ДНР" і "ЛНР" была канструктыўнай
Працоўныя групы, пра якія дамовілася Кантактная група, хочуць збірацца ў Мінску ледзь не кожны тыдзень.
У Мінску завяршылася пасяджэнне Кантактнай групы па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. На ім было вырашана пачаць працу кантактных груп па бяспецы, палітычным, эканамічным і гуманітарным складніках мінскага пагаднення.
Прадстаўнік так званай "Данецкай народнай рэспублікі" Дзяніс Пушылін назваў сённяшняе пасяджэнне прарывам, якога чакалі з 12 лютага.
Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма паведаміў журналістам, што пазіцыя прадстаўнікоў так званых "ДНР" і "ЛНР" у падгрупах сёння была канструктыўнай. Ён адзначыў, што працоўныя групы хочуць збірацца ў Мінску ледзь не кожны тыдзень. Прыблізнай датай наступнага збору груп называюць 16 або 19 траўня.
Таксама Кучма паведаміў, прадстаўнікі групы па бяспецы будуць асабіста прысутнічаць у Данбасе на лініі судакранання і назіраць за выкананнем дамоўленасцяў, інфармуе БЕЛТА. Экс-прэзідэнт Украіны лічыць, што сёння галоўнае — спыненне агню, адвод цяжкіх відаў ўзбраення і яго верыфікацыя з боку АБСЕ. Ён нагадаў, што акрамя загінулых ва Украіне ёсць яшчэ 1460 чалавек, зніклых без вестак. Яшчэ 399 знаходзяцца ў палоне.
Фота Ірыны Герашчанкі