Украіна будзе шукаць новую пляцоўку для перамоваў па Данбасе — Краўчук

Паседжанні кантактнай групы ў Мінску праходзілі ў "Прэзідэнт-гатэлі" / БЕЛТА​
Паседжанні кантактнай групы ў Мінску праходзілі ў "Прэзідэнт-гатэлі" / БЕЛТА​

Украіна збіраецца шукаць новую перамоўную пляцоўку па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе Леанід Краўчук у эфіры мясцовага тэлеканала.

Прычын некалькі — у тым ліку немагчымасць дабрацца да Мінска.

"У нас не будзе ўжо рэйсаў у Беларусь, мы не зможам нават туды трапіць", — сказаў Краўчук.

З улікам сітуацыі, якая склалася, а таксама дыктатарскіх паводзінаў, "якія дэманструе самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Лукашэнка, зразумела, што мы не можам нават разглядаць пытанне пра пункт абмеркавання — мінскую пляцоўку", — сказаў ён.

Таму Украіна, паводле яго слоў, "абавязкова" будзе шукаць новую пляцоўку. У найбліжэйшы час Кіеў збіраецца абмеркаваць гэтае пытанне з іншымі ўдзельнікамі перамоваў.

Праз інцыдэнт з самалётам Ryanair большасць еўрапейскіх краін закрыла сваю паветраную прастору для самалётаў беларускіх авіякампаній, еўрапейскія перавозчыкі таксама адмаўляюцца лётаць у Мінск. Украіна прыпыніла авіязносіны з Беларуссю з поўначы 26 траўня. Гэты крок у Кіеве патлумачылі тым, што "сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Мінску з'яўляецца парушэннем Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі". Рашэнне аб прыпыненні авіязносін "накіраванае на забеспячэнне бяспекі палётаў і пасажыраў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі