На Данбасе пачаўся развод войскаў: тлумачым, што гэта значыць
Ўкраінскі танк на Данбасе / Reuters
Украіна і самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка пачалі развод войскаў. Абодва бакі заявілі аб сваёй гатоўнасці. Развядзенне адбудзецца на ўчастку паблізу населеных пунктаў Пятроўскае і Багданаўка. Назіральнікі АБСЕ пацвердзілі запуск ракет абодвума бакамі, паведамляе Громадське.
Спярша бакі выпускаюць белыя ракеты, пацвярджаючы што гатовыя пачаць развод войскаў. Потым выпускаюць зялёныя ракеты, якімі пацвярджаюць пачатак разводу.
У штабе аперацыі Аб'яднаных сіл пацвердзілі пачатак аперацыі па разводу войскаў. Там адзначылі, што актыўная фаза разводу будзе доўжыцца на працягу трох дзён, а наступныя 25 дзён бакі будуць разбіраць фартыфікацыйныя збудаванні.
Нягледзячы на развод войскаў ні з Пятроўскага, ні з Багданаўкі войскі не выйдуць. Пятроўскае пакуль застанецца пад кантролем ДНР, а Багданаўка пад кантролем Украіны. Дык дзе адбудзецца развод?
Войскі разыйдуцца на адзін кіламетр у розныя бакі з поля, дзе ў выпадку паляпшэння агульнай сітуацыі, у будучыні могуць адкрыць дадатковы пункт пропуску. Вось такі развод.