Кыргызстан прынялі ў ЕАЭС
Гэта пятая краіна, якая далучылася да інтэграцыйнага ўтварэння.
Да Еўразійскага эканамічнага саюза далучыўся Кыргызстан. 8 траўня прэзідэнт краіны Алмазбек Атамбаеў пацвердзіў ратыфікацыю дамовы. Пра гэта стала вядома на паседжанні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў пятніцу ў Маскве, перадае РІА "Новости".
Дамова аб далучэнні Кыргызстана была падпісана ў снежні 2014 года. Планавалася, што рэспубліка ўвойдзе ў інтэграцыйнае аб'яднанне пасля завяршэння ратыфікацыі. Між тым бакам не ўдавалася дамовіцца па некаторых пытаннях. Як раней паведаміў журналістам памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, Кыргызстан у сакавіку прапанаваў унесці змены ў дзеючыя пратаколы, “якія для ўдзельнікаў саюза не выглядаюць лагічнымі”.
Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў на паседжанні савета пацвердзіў падпісанне дакументаў аб далучэнні рэспублікі да ЕАЭС і сказаў, што “назад дарогі няма”.
На сёння сябрамі ЕАЭС з’яўляюцца Беларусь, Расія, Казахстан і Арменія. Цяпер да аб’яднання далучаецца Кыргызстан.