Лагатып чэмпіянату свету па хакеі-2014 нельга друкаваць на туалетнай паперы

Тры незаўважныя магніцікі з сімволікай чэмпіянату свету па хакеі 2014 года губляюцца сярод рознакаляровых магнітаў з краявідамі сталіцы. Прадаўшчыца намёта ля кнігарні кажа, што былі яшчэ і значкі, але разабралі. Пытаюся, хто пакупнікі, бо шчыра прызнацца, тыя магніцікі ну ні разу не прыгожыя.

“Іншаземцы купляюць, турысты, у асноўным бяруць пакеты і магніты. Гэтыя (прадаўшчыца паказвае магніты. — заўв. Еўрарадыё) не вельмі бяруць, яны і не вельмі прыгожыя. Болей пластыкавыя бяруць”.

Прадаўшчыца кажа, што ў самой кнігарні ёсць “яшчэ нешта з чэмпіянатам свету па хакеі”. Але расчароўваюся: знаходжу тыя ж магніцікі па 7 000-20 000 рублёў і сцяжкі — па 14 000 рублёў.

Цэнтральная кнігарня таксама не радуе разнастайнасцю: магніты і пакеты па 4700 рублёў — гэта прыкладна ўтрая даражэй за звычайны пакет-майка.

У “Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года” тлумачаць дарагоўлю пакетаў.

“Выраб пакетаў сам па сабе вельмі дарагая справа. Кошт залежыць ад фарбаў, ад матэрыялаў, а лагатып прадастаўляецца бясплатна. Карыстальнікі плацяць нам 2% толькі за рэалізаваную прадукцыю — ніжэй ужо не можа быць. Калі рэч каштуе 100 тысяч, дык 2 тысячы нам. А за рэгістрацыю дамовы на выкарыстанне лагатыпу плацім мы самі — 100 тысяч”.

У кнігарні знаходжу керамічныя медалі з лагатыпам чэмпіянату, а таксама адну керамічную пляшку за 171 000 рублёў.

У краме сувеніраў “Кірмаш” адведзены цэлы стэнд з сімволікай чэмпіянату.

Чаго тут толькі няма: ільняныя і махровыя ручнікі, талеркі, шкляныя шайбы і клюшкі, закладкі з тканіны, шклянкі, кубкі, сумкі, ільняная міні-форма хакеіста, шкатулкі, вымпелы. І, канечне, лялькі-хакеісты. 10-сантыметровая лялька-хакеіст з сена каштуе 78 000-80 000 рублёў, а вось керамічны хакеіст — ад 90 000 рублёў.

“Майкі былі, але забралі. Расіяне бяруць, а таксама балельшчыкі, гэта ж наш гонар!” — кажуць мне ў краме.

Лікёра-гарэлачны завод “Крышталь” таксама рыхтуецца да чэмпіянату — вырабляе прадукцыю з хакейнай тэматыкай.

“А гэта камерцыйная таямніца, што мы робім да чэмпіянату! Кантактуем з калегамі, каб не паўтаралася прадукцыя. Ну што будзе, калі гарэлка ў шайбе брэсцкая і гарэлка ў шайбе мінская? Безумоўна, мы рыхтуемся. Зараз усе лікёра-гарэлкавыя заводы рыхтуюцца", — нечакана кажуць Еўрарадыё на заводзе “Крышталь”. Цягам размовы высвятляю, што тут выпусцяць прадукцыю прыкладна праз тры месяцы.

На заводзе кажуць, што ўся сувенірная прадукцыя ў кераміцы і шкляных фігурных бутэльках будзе, натуральна, даражэйшая за звычайную — бо выпуск, распрацоўка бутэлькі каштуе грошай.

З лагатыпам завод павінен вырабляць толькі мінеральную ваду, бо ставіць лагатып на алкагольных напоях, туалетнай паперы – не этычна, а на банкаўскіх картках нельга, бо права на гэта мае адзін банк.

Вось-вось на прылаўках крам павінна з’явіцца прадукцыя “Камунаркі” — тут распрацоўваюць наборы “хакейных” цукерак і шакалад ручной работы. У фірмовых крамах выпадкова знаходжу хакейны шакалад “Залатая пяцёрка”. Каштуе нават танней за звычайную “Алёнку”.

Шчыра кажуць, што бяруць не вельмі актыўна, “але, я вам скажу, на выездах, на выставах расіяне вельмі добра скупляюць, а так ляжыць 80 штук”.

У ГУМе адразу дзве вітрыны, аформленыя пад чэмпіянат свету.

Тут прадаюць спартовыя касцюмы, ручнікі, кепкі і майкі, папяровыя сурвэткі і сурвэткі з тканіны, шкарпэткі мужчынскія і нават канверты з лагатыпам. Для жанчын толькі махровыя ручнікі па 161 000 рублёў.

Дырэкцыя па падрыхтоўцы да чэмпіянату кажа, што цягам часу будуць вырабляцца і жаночыя фуфайкі і кофты — дамова на гэта ёсць.

“Бяруць па адной, па тры майкі, як памяць… пра гэту падзею”, — нечакана кажуць мне ў ГУМе, хоць да падзеі без малога год! У ГУМе мо будзе нават цэлы аддзел з сувенірамі толькі да чэмпіянату свету па хакеі.

Дарэчы, кошты на прадукцыю вагаюцца ад 3000 рублёў, гэта меней за долар, і да 300 000 рублёў — за сувенірную клюшку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі