Леанід Злотнікаў: Аб'яднанне МАЗа з КамАЗам — гэта не эканамічнае пытанне
Таксама, як і прыватызацыя азотнай галіны. Так вядомы беларускі эканаміст пракаментаваў Еўрарадыё ўчорашнія заявы расійскага прэм'ера.
Як паведамляла Еўрарадыё, пасля пасяджэння саюзнага Саўміна ў Мінску 21 кастрычніка Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Беларусі трэба паспяшацца з прыватызацыяй. Таксама Мядзведзеў адзначыў, што занадта доўга ідуць перамовы пра аб'яднанне МАЗа з КамАЗам і пра прыватызацыю азотнай галіны.
На думку Леаніда Злотнікава, гэтыя праблемы палягаюць не ў эканамічнай, а ў палітычнай сферы. З эканамічнага гледзішча, Расія сапраўды магла б націснуць на беларускую ўладу:
Леанід Злотнікаў: "Калі казаць пра эканамічныя меры, якімі яна можа націснуць, то могуць проста скараціць крэдытаванне. І гэта будзе вялікім ударам для беларускай эканомікі".
Але, дадае эканаміст, перамовы па гэтых пытаннях вядуцца не першы год. І яны сведчаць, што беларускія ўлады навучыліся шмат у якіх выпадках сыходзіць ад расійскага ціску.
Фота — Белсат