Лекарку з Брэста звольнілі пасля мітынгу супраць акумулятарнага завода

Лекарку з Брэста звольнілі пасля мітынгу супраць акумулятарнага завода

Доктара-неўролага Таццяну Фесікаву звольнілі з цэнтральнай гарадской лякарні Брэста, перадае Радыё "Свабода". Паводле адміністрацыі лякарні, загад падпісаны 4 траўня "ў сувязі з прыняццем на працу асноўнага работніка".

Сама Фесікава ў гутарцы з журналістамі выказала меркаванне, што звольнілі яе за выступ на мітынгу "Брастаўчанкі супраць свінцу", які прайшоў у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 29 красавіка. 

Жанчына кажа, што працавала ў лякарні 16 гадоў: з 2002 па 2008 год — на поўную стаўку, а з 2008-га на паўстаўкі як сумяшчальніца. 

"У нядзелю адбыўся гэты мітынг, на якім я выступіла. А ў панядзелак 30 красавіка мне патэлефанавалі, што я магу на працу не выходзіць. 2 траўня я сустрэлася з галоўным лекарам, які сказаў, што прыходзіць асноўны работнік і ў маіх паслугах больш няма патрэбы", — распавядае доктарка. Яна сцвярджае, што стаўкі ў аддзяленні ёсць і не было неабходнасці яе звальняць, каб прыняць новага чалавека.

Калегі Фесікаву не падтрымалі: "Мне нават сказалі кулуарна, што я, маўляў, сама вінаватая і калі б не лезла на ражон, то нічога гэтага не здарылася б. І што мне не знойдзецца месца ў ніводнай дзяржаўнай установе Брэста, бо выступаю супраць завода і чыноўнікаў".

Жанчына заяўляе, што змагаецца за свае інтарэсы, за сваё здароўе і сям'ю, бо акумулятарны завод будуецца за чатыры кіламетры ад яе дома. 

Пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце цягнуцца ад пачатку 2018 года. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць завода і накіравалі іх у Адміністрацыю прэзідэнта. Кожную нядзелю пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу Брэста.​

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі