Летась у суды Віцебскай вобласці перадалі 82 палітычныя справы
За 2021 год следчыя Віцебскай вобласці перадалі пракурорам для накіравання ў суд 82 палітычныя справы — так званай "экстрэмісцкай накіраванасці". Такую лічбу назваў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Аляксандр Гуцко.
"З іх больш за ўсё за абразы прадстаўнікоў улады, апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы і абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — расказаў ён у інтэрв'ю газеце "Витьбичи".
Як прыклад Гуцко згадаў 52-гадовага палачаніна, які вёў тэлеграм-канал, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Мужчыну затрымалі напрыканцы 2021 года, калі ён вярнуўся ў Беларусь з Польшчы. Яму выставілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання, кіраўніцтва такім фармаваннем), ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб) і ч. 3 арт. 293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.