Ліпень 2017 года стаў самым спякотным за ўсю гісторыю назіранняў
Ліпень 2017 года стаў самым спякотным за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Якія, між іншага, вядуцца з 1880 года.
Каб высветліць гэта, Інстытут касмічных назіранняў НАСА прааналізаваў дадзеныя з 6300 метэаралагічных станцый па ўсім свеце, а таксама з прыбораў на судах і буях, якія вымяраюць тэмпературу паверхні мора. Былі ўлічаныя таксама звесткі з антарктычных даследчых станцый.
Спецыялісты высветлілі, што тэмпература ў ліпені 2017 года на 0,83 °С перавысіла сярэдні паказчык 1951-1980 гадоў. І гэта рэкорд. А папярэдняе дасягненне, усталяванае ў ліпені 2016 года, пратрымалася ўсяго толькі год.
Ва ўсе папярэднія гады ліпень быў больш як на 0,1 °С халаднейшым, гаворыцца ў справаздачы Аэракасмічнага агенцтва ЗША. “Большасць паказчыкаў змены клімату працягваюць прытрымлівацца тэндэнцыі пацяплення”, — сцвярджаюць аўтары справаздачы.
Канцэнтрацыя парніковых газаў у атмасферы ў 2016 годзе таксама дасягнула рэкорднага ўзроўню ў гісторыі, паведамляе TUT.by.
Узровень мора падняўся на 82 мм, таксама усталяваўшы рэкорд з 1993 года, калі пачаліся назіранні за гэтым паказчыкам.