“Лістапад” ужо не той: мінскі кінафестываль цяпер пад кантролем чыноўнікаў

Раней "Лістапад" быў прыватнай ініцыятывай / Еўрарадыё
Раней "Лістапад" быў прыватнай ініцыятывай / Еўрарадыё

“Лістапад” — штогадовы міжнародны кінафестываль, які з 1994 года праходзіць у Мінску. У 2021 годзе мерапрыемства арганізоўвае іншая дырэкцыя, зменены склад праграм і метад адбору фільмаў. Дый новы слоган з'явіўся — "Сімфонія адзінства", што красамоўна гаворыць пра парадак дня, які склаўся ў дзейных беларускіх уладаў і закрануў і кінамастацтва.

— З самага пачатку "Лістапад" быў прыватнай ініцыятывай. Цяпер фестываль стаў цалкам дзяржаўны. Хоць раней яго праводзілі ў тым ліку і за кошт рэспубліканскага бюджэту, але праводзіла яго незалежная арганізацыя [АРТ Карпарэйшн], — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кінакрытык Тарас Тарналіцкі. — "АРТ Карпарэйшн" спрабавалі шукаць баланс паміж афіцыёзам і сапраўдным мастацтвам. Думаю, што нічога гэтага ўжо не будзе, нічога добрага ад гэтага фестывалю я дакладна не чакаю.

А ці можа здарыцца так, што фестываль, які трапіў пад поўны кантроль чыноўнікаў, ператворыцца ў паказ "ваенна-патрыятычных" фільмаў?

— Пытанне ў тым, каго адбяруць і хто падасць заяўку. Наколькі я ведаю, адпраўляліся лісты ў амбасады тых краін СНД, з якімі Беларусь яшчэ падтрымлівае сяброўскія адносіны і якія могуць удзельнічаць у фестывалі. Магчыма, аўтары, у якіх ёсць паняцце грамадзянскай пазіцыі, адмовяцца. Але пакуль складана нешта сказаць, таму што праграма яшчэ не гатовая.

Нядаўна сталі вядомыя сябры самой дырэкцыі, праграмныя дырэктары. Гэта ўсё людзі, якія працуюць на дзяржТБ або займаюцца распрацоўкай Канстытуцыі з боку дзяржавы. Гэта ўсё максімальна лаяльныя людзі, якія нейкім чынам звязаныя са сферай культуры, але ў фестывальным руху яны практычна не ўдзельнічалі да апошняга часу.

Няма сумневаў, што ў конкурснай праграме будуць удзельнічаць фільмы расійскай вытворчасці. Але ці не стануць яны пераважнай большасцю з мэтай засілля "рускага свету"? Гэтаму цяпер спрыяе добрая палітычная глеба, якая ўзнікла ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

— Гэта ніякая не зачыстка ад ўсяго беларускага, — перакананы кінакрытык. — Гэта спроба ўлады паказаць, што парадак наведзены. Маўляў, усё вярнулася ў старое рэчышча, можна праводзіць "Лістапад", "старонка перагорнутая". На самай справе яна, магчыма, перагорнутая ў нейкіх уладных кабінетах, але большасць людзей, у тым ліку і кінематаграфістаў, з гэтым не згодныя.

За 2020–2021 гады беларускімі рэжысёрамі было знята нямала фільмаў па тэме пратэстаў у Беларусі. З улікам таго, як новая дырэкцыя цяпер пазіцыянуе прынцып адбору, такія фільмы там відавочна не патрэбныя і паказвацца не будуць. Знікла праграма, у якой удзельнічалі беларускія фільмы, чыста нацыянальнага беларускага конкурсу не будзе. А праграму, у якой фільмы паказвалі аўтары-пачаткоўцы, і праграму "Маладосць на маршы" аб'ядналі ў "Кіно маладых". І яшчэ, хутчэй за ўсё, будзе праграма пазаконкурсных паказаў. Туды, наколькі я ведаю, клікалі беларускіх аўтараў: маўляў, паказаць, што яны ў нас ёсць.

Нагадаем, што былога арганізатара фестывалю ліквідавалі ў канцы лета.

"Некалькі гадзін таму стала вядома пра тое, што Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн" знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Рашэнне аб гэтым прынята Мінскім гарвыканкамам. Мы не ведаем падрабязнасцяў і прычын гэтага рашэння", — такое паведамленне ў канцы жніўня з'явілася на сайце кампаніі, якая ладзіла "Лістапад". "Наша верная, зацікаўленая аўдыторыя — гэта наш матор. Мы ўдзячныя за ваша цяпло і падтрымку, якія вы не раз аказвалі нам у мінулым і якія мы адчуваем цяпер. Мы будзем удзячныя, калі вы працягнеце расказваць пра нас у сацыяльных сетках. Каманда "АРТ Карпарэйшн" не развітваецца. Мы застаёмся на сувязі!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі