Літоўцы чакаюць стрэс-тэста Беларускай АЭС

Літоўцы чакаюць стрэс-тэста Беларускай АЭС

У Мінску праходзіць канферэнцыя, прысвечаная будаўніцтву БелАЭС у Астраўцы. Яшчэ да пачатку мерапрыемства амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус у эксклюзіўным каментарыі Еўрарадыё абазначае афіцыйную пазіцыю сваёй краіны.

Эвалдас Ігнатавічус: “Трэба адказаць на ўсе пытанні бяспекі гэтай атамнай станцыі. А пакуль мы адказаў не атрымалі. Асноўныя пытанні — па выбары пляцоўкі, па сейсмічных параметрах, па выкарыстанні вады ракі Вілія”.

Яшчэ больш востра адказвае на гэтае ж пытанне намеснік старшыні Камітэта па замежных справах Сейма Літвы, былы міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс.

“Беларусь павінна была б прыняць рашэнне спыніць і замарозіць гэтую будоўлю, — упэўнены палітык. — Бо з самага пачатку яна вядзецца, парушаючы галоўную запаведзь Эспа (Канвенцыя аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце, — Еўрарадыё). У адпаведнасці з Канвенцыяй, выбіраюцца мінімум тры месцы для будаўніцтва, потым іх абмяркоўваюць з суседзямі і абіраецца адно месца. Гэтага не было, гэта было праігнаравана”.

                                              Андрюс Кубілюс і Аўдронюс Ажубаліс

Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус нагадвае аб падпісанні ў 2011 годзе Дэкларацыі паміж ўрадам Беларусі і Камісіяй еўрапейскіх таварыстваў у галіне энергетыкі. Паводле гэтага дакумента, Беларусь мусіла правесці адмысловыя стрэс-тэсты БелАЭС.

Пятрас Аўштравічус:З 2011 года мы чуем пастаянна, што гэтыя стрэс-тэсты будуць праведзеныя, мы не бачым ніякіх сур’ёзных падрыхтоўчых работ. А будаваць такі аб’ект без правядзення стрэс-тэстаў — гэта прыклад безадказнасці”.

Па словах еўрадэпутата, пытанне Астравецкай АЭС закранае не толькі інтарэсы Літвы і не з’яўляецца “пытаннем двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Літвой”. Пятрас Аўштравічус сцвярджае: гэтае будаўніцтва закранае інтарэсы і Латвіі з Эстоніяй, і Польшчы, і нават Швецыі з Фінляндыяй. Адпаведна, гэтае пытанне — “беларуска-еўрасаюзаўскае”. А тое, што Беларусь не выконвае абавязальніцтвы па падпісанай Канвенцыі, запэўнівае палітык, успрымаецца ў ЕС, як “парушэнне пунктаў супрацоўніцтва”.

Пятрас Аўштравічус: “Але будоўля рухаецца наперад без выканання раней прынятых дамоўленасцяў. І ў мяне адно пытанне: як доўга мы будзем глядзець на гэтую сітуацыю талерантна? І калі мы кажам сёння пра новы этап дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, то пытанне ядзернай бяспекі павінна стаць ключавым у далейшым развіцці гэтых адносінаў. Калі не будуць дакладна выконвацца крытэрыі ядзернай бяспекі, то гэта павінна паставіць пытанне аб далейшым развіцці нашых адносінаў”.

Вядома, што Мінск разлічвае прадаваць частку выпрацаванай на Астравецкай АЭС электраэнергіі краінам Балтыі. Аўдронюс Ажубаліс папярэджвае: разлікі марныя.

“Любы ўрад, і не важна, будуць гэта цэнтрысты, правыя, ці левыя, ніколі не дазволіць экспартаваць энергію з Астравецкай атамнай станцыі праз літоўскія электрасеткі. Найперш я кажу пра NordBalt, які мы пабудавалі сумесна са Швецыяй і які ідзе па дне Балтыйскага мора, і LitPol Link, які мы пабудавалі з Польшчай. Гэта прынцыповае пытанне. Мне цяжка ўявіць ўрад, які б на гэта пагадзіўся. Ведаючы, што гэтая станцыя — у 50 кіламетрах ад цэнтра Вільні”.

Нашы ўлады могуць пайсці на тое, каб прадаваць электрычнасць з айчыннай атамнай станцыі краінам Балтыі за капейкі, ніжэй за сабекошт, разважае беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

“Калі Еўрасаюз прыме прынцыповае рашэнне адносна БелАЭС, бо беларускі бок не ідзе на ўзгадненні і выкананне міжнародных працэдур у сферы бяспекі АЭС, то ўсе нашы цепла- і электрастанцыі могуць апынуцца ў сітуацыі вымушанага прастою ці закрыцця, бо трэба будзе даваць працу БелАЭС”, — кажа Раманчук.

І звяртае ўвагу на тое, што сёння ніхто нават прыблізна не можа сказаць, колькі будзе каштаваць электрычнасць, выпрацаваная БелАЭС. А яшчэ, кажа Раманчук, без адказу застаюцца пытанні: пад якія адсоткі нам на самой справе расіяне далі крэдыт на гэтае будаўніцтва, хто будзе ўласнікам гэтай электраэнергіі і гэтак далей.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі