Літва заклікала ЗША правесці спецыяльныя слуханні па Беларускай АЭС
Літва заклікала ЗША правесці ў кангрэсе спецыяльныя слуханні па Беларускай АЭС. Падчас сустрэчы з дэлегацыяй амерыканскіх кангрэсменаў пра гэта заявіў міністр энергетыкі Жыгімантас Вайчунас, інфармуе партал tut.by. Літоўскі бок па-ранейшаму заклапочаны бяспекай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астравецкім раёне. Вайчунас выказаў спадзяванне, што ў такіх слуханнях маглі б паўдзельнічаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Кангрэсмены паабяцалі больш актыўны ўдзел Злучаных Штатаў “ва ўзмацненні ўплыву міжнародных арганізацый у справе кантроля ядзернай бяспекі і выканання прыродаахоўных патрабаванняў”.
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падчас сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пэнсам заявіла, што Расія можа выкарыстаць Беларускую АЭС у якасці “неканвенцыйнай зброі”. Раней яна гаварыла пра гэта ў прысутнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, падкрэслівала, што расіяне будуюць у Беларусі “небяспечную АЭС”.
Першы энергаблок Беларускай АЭС мусіць быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — ў 2020 годзе.