Лукашэнка даў ільготы паўднёва-ўсходнім раёнам Магілёўшчыны
У тым ліку — па выплаце падаходнага падатку.
8 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №235 "Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці".
Як паведамляе БелаПАН, указ закранае Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны. Для іх устойлівага развіцця даюцца прэферэнцыі.
Так, фізічным асобам даецца льгота па выплаце падаходнага падатку. Для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія зарэгіструюцца ў рэгіёне з 1 ліпеня 2015-га па 31 снежня 2020 года і будуць займацца тут вытворчасцю тавараў (выкананнем работ, аказаннем паслуг) на працягу сямі гадоў з пачатку такой дзейнасці, устанаўліваецца стаўка ў 10% з даходаў у выглядзе аплаты працы, атрыманых па працоўных дагаворах (кантрактах).
Наймальнікам і камерцыйным арганізацыям, якія зарэгіструюцца з 1 ліпеня 2015 па 31 снежня 2020 года і на працягу сямі гадоў будуць займацца тут вытворчасцю тавараў (выкананнем работ, аказаннем паслуг), указ дае льготы па абавязковых страхавых узносах па страхаванні выпадкаў дасягнення пенсіённага ўзросту, інваліднасці і страты кармільца. Такія страхавыя ўзносы ўстанаўліваюцца ў памеры 24%.
Пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або куплі жытла ў гэтых раёнах можна будзе атрымаць ільготныя крэдыты на 20 гадоў пад 1% гадавых. Пры гэтым неабходна працаваць на тэрыторыі рэгіёну не менш за 10 гадоў з моманту атрымання такіх крэдытаў.
Магілёўскі абласны савет дэпутатаў да 1 жніўня 2015 года павінен будзе зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года. Агульны аб'ём фінансавання мерапрыемстваў праграмы складае 2,5 трыльёна рублёў.
Указ набывае моц 1 ліпеня.
Фота — sudmed.mogilev.by