Лукашэнка гатовы перакрыць "вялікі дэфіцыт цукру" ў Расіі, якога няма

Фота Intex-press
Фота Intex-press

Днямі Лукашэнка расказаў пра гатоўнасць дапамагчы Расіі пастаўкамі цукру і заявіў, што ён у суседзяў у вялікім дэфіцыце.

— Моцна пашанцавала і па цукры. Ужо расіяне сёння закідваюць вуду — у іх дэфіцыт вялікі цукру. Мы, вядома, дапаможам. І цэны падняліся на цукар, — цытуе яго БЕЛТА.

Беларусь зацікаўленая ў цукровым экспарце ў Расію, таму што ўжо шмат гадоў вырабляе цукру больш, чым спажывае. Але вось сітуацыя з дэфіцытам у Расіі не зусім такая, як яе ацэньвае Лукашэнка.

Што з цэнамі?

Паводле ацэнак расійскага Мінсельгаса, вытворчасць белага цукру сёлета складзе 5-5,5 млн тон. Пры гэтым аб'ём унутранага спажывання цукру — 5,9 млн тон. На гэтым фоне цэны на цукар у Расіі сапраўды падняліся.

Расійскі Мінсельгас не выключыў магчымасці ўвядзення квоты на імпарт цукру па выніках сезона перапрацоўкі.

— У рамках такога кватавання будзе прымяняцца паніжаная стаўка імпартнай пошліны, што дасць магчымасць не толькі забяспечыць унутраныя патрэбы краіны ў цукры, але і стабілізаваць цэны на ўнутраным рынку, — адзначаецца ў паведамленні Мінсельгаса.

Гэта добрая навіна для беларускага Мінсельгасхарча: у выпадку прыняцця квот пры ўвозе беларускага цукру ў Расію плаціць трэба будзе менш.

Цукру ў Расіі хапае

Але вось дэфіцыту, які істотна ўплываў бы на жаданне расіян купляць беларускі цукар, у Расіі няма.

— У Расіі некалькі гадоў быў вялікі прафіцыт цукру. Гэта значыць, мы выраблялі больш, чым спажывалі. І гэта моцна скінула цану на цукар і выклікала ў тым ліку праблемы ў беларускай цукровай прамысловасці, таму што рынак у нас агульны, — расказвае Еўрарадыё заснавальнік партала Sugar.ru Вадзім Гомаз.

Як адзначае суразмоўнік, праз прафіцыт у папярэднія гады ў Расіі ўтварыліся вялікія запасы цукру. Паводле звестак Расстата, на 1 кастрычніка гэтых запасаў было 1,3 млн тон.

— Гэтага хопіць, каб пакрыць расійскае спажыванне. Такой праблемы, што у Расіі не хопіць цукру, пакуль не чакаецца. Паглядзім наступны сезон. Зразумела, што экспарт беларускага цукру ў Расію можа трохі збіць расійскія ўнутраныя цэны, — працягвае Гомаз.

Паколькі цэны ў Расіі выраслі, для Беларусі цяпер добры момант для таго, каб экспартаваць свае запасы на расійскі рынак.

— Гэта нармальная эканамічная сітуацыя. Беларусь заўсёды вырабляла шмат якаснага цукру, які заўсёды ішоў у краіны ЕАЭС. Яго з задавальненнем бралі расійскія кандытары, якім важны высокі стандарт якасці. Насельніцтву, калі яно не вельмі багатае, усё роўна, які цукар. Яны выбіраюць цаной, а сабекошт беларускага цукру вышэйшы, чым расійскага, таму звычайна ён каштаваў даражэй. Але Беларусь працягвае пастаўляць кожны месяц цукар у Расію. Гэта значыць, нічога новага Лукашэнка не сказаў, — заключае эксперт.

За студзень — жнівень Беларусь экспартавала 341,9 тысячы тон цукру. З іх 136,5 тысячы тон паехалі ў Расію. Гэта на 11,5 тысячы тон менш, чым пастаўкі за восем месяцаў мінулага года.

Лукашенко готов перекрыть “большой дефицит сахара” в России, которого нет
Звесткі Белстата / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі