Лукашэнка хоча, каб на свінакомплексе быў рэжым, "як на ядзерным аб'екце"
Кіраўнік дзяржавы ў аўторак звярнуўся да тэмы афрыканскай чумы свіней.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў, што ў выпадку адсутнасці на свінакомплексах краіны неабходных мер па біялагічнай абароне ад яе, вінаватых чакаюць самыя жорсткія пакаранні.
"Я ўжо папярэджваў кіраўнікоў, якія за гэта адказваюць, і ўрад, што закончыцца тыдзень і мы пачнем рэагаваць у рамках крымінальных спраў на гэтую праблему, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Будуць прынятыя "драконовские" меры ў адносінах адказных".
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб кіраўнікі ўсіх узроўняў максімальна сур'ёзна аднесліся да гэтага пытання і арганізавалі на свінакомплексах прапускны рэжым, "як на ядзерным аб'екце".
Нагадаем, за забяспечанне свінакомплексаў санітарнай абаронай адказвае віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. У пачатку ліпеня Лукашэнка яго папярэдзіў, што калі задача не будзе выкананая, яго чакае турма ("Гэта турма, Міхаіл Іванавіч, гэта турма!").
Фота — bymedia.net