Лукашэнка: Крый вас бог ад сацыяльнай напружанасці ў працоўных калектывах
У аўторак кіраўнік дзяржавы праводзіць нараду, прысвечаную пытанням развіцця прамысловага комплекса і рэалізацыі беларускай прадукцыі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю не апраўдвае зніжэнне беларускага экспарту. Ён спытаў у прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, хто для Беларусі з'яўляецца першым партнёрам па экспарце тавараў. "Асноўны наш гандлёвы партнёр — Расійская Федэрацыя, — цытуе словы Мясніковіча БЕЛТА. — У накірунку ЕС мы паступова павялічваем гэтыя аб'ёмы. Прапорцыя цяпер блізкая да значэння 50/50 — краіны СНД, Еўрасаюз і далёкае замежжа".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што "гонім аб'ёмы, павялічваючы тым самым склады". Тэма павелічэння складскіх запасаў неаднойчы ўздымалася Аляксандрам Лукашэнкам. Ён заклікаў прысутных шукаць выхад. "Крый вас бог ад сацыяльнай напружанасці ў працоўных калектывах", — сказаў Лукашэнка.