Лукашэнка накіраваў спачуванні прэзідэнту Турцыі ў сувязі з тэрактам у Стамбуле
Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, а таксама родным і блізкім загінулых у выніку тэракту ў Стамбуле. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на прэс-службу беларускага кіраўніка.
МЗС Беларусі ў сваю чаргу “рашуча асудзіў усе праявы тэрарызму і пацвердзіў салідарнасць з дружалюбным народам Турцыі”.
Тэракт у папулярным клубе Reina адбыўся ў ноч на 1 студзеня. Невядомыя злачынцы прыйшлі ў клуб, дзе было сама меней 700 чалавек, і адкрылы агонь з кулямётаў па наведніках. Тэрарысты зніклі з месца здарэння, вядзецца іх пошук.
Загінула 39 чалавек, каля 70 атрымалі раненні.
Беларускія дыпламатычныя службы цяпер правяраюць, ці не было сярод пацярпелых у гэтым тэракце нашых суграмадзян.