Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб павышэнні заробкаў чыноўнікам (відэа)
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што заробкі будуць расці "па меры магчымасці".
Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб павышэнні заробкаў дзяржаўным служачым. Пра гэта стала вядома па выніках яго сустрэчы з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай, якая адбылася 5 траўня.
Лукашэнка лічыць, што заробак будзе расці "па меры магчымасці", што гэта будзе залежыць ад працы эканомікі, прамысловасці. Да таго ж, адзначыў кіраўнік дзяржавы, ён не прыхільнік павышэння заробкаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў (яны мусяць прайсці восенню 2015 года).
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ёсць спробы "выбарча камусьці каэфіцыент павысіць, камусьці даплату, зарплату, уладкаваць на працу, каб на пенсію сысці з добрай працы". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта недапушчальна і ён будзе лічыць такія факты "правакацыяй супраць прэзідэнта, супраць дзеючай улады".
Лукашэнка заявіў Шчоткінай, што "да ўсіх павінен быць падыход аднолькавы". І ён спадзяецца, што дзяржаўныя служачыя зразумеюць яго пазіцыю, паведамляе БЕЛТА.
Фота: tut.by