Лукашэнка: Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна думаючых
У пятніцу, 9 снежня, з удзелам Аляксандра Лукашэнкі праходзіць нарада, прысвечаная праекту дамовы аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры яго прыняцці.
Лукашэнка падкрэсліў прысутным важнасць для нашай краіны прыняцця Мытнага кодэксу, паколькі ён рэгулюе пытанні экспарту і імпарту. Таму "дакумент павінен быць абсалютна вывераным". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, "якім бы Мытны кодэкс ні быў кампрамісным (не выключаю, што дзесьці магчымыя кампрамісы), але пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі, нам ні ў якім разе нельга".
"Усё павінна быць прадумана, выверана ў міністэрствах, ведамствах, аблвыканкамах, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Калі патрэбна, у гар-, райвыканкамах. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна думаючых, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзян нашай краіны. Неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не".
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Мытны кодэкс ЕАЭС плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу.