Лукашэнка: Я б зрабіў тое ж, што Пуцін

Лукашэнка: Я б зрабіў тое ж, што Пуцін

Падчас наведвання мінскага прадпрыемства “Камволь” Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт адхілення Расіі ад Алімпійскіх Гульняў у 2018-м у Пхенчхане. Такое рашэнне прыняў Міжнародны алімпійскі камітэт з-за допінг-скандалу. “Чыстыя” расійскія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе пад алімпійскім сцягам.

Лукашэнка пасля знаёмства з вытворчасцю, з вынікамі правядзення мадэрнізацыі на прадпрыемстве (за пяць гадоў у яе ўклалі 110 млн долараў), паразмаўляў ў работніцамі “Камволя”. Ён заўважыў, што пра сітуацыю з адхіленнем Расіі мала ўзважаных меркаванняў. Адзначыў Аляксандр Лукашэнка заяву Уладзіміра Пуціна, што кожны спартсмен, калі ён хоча, можа паехаць на Алімпіяду “пад любым сцягам”. “Калі б гэта, не дай бог, адбылося з беларусамі, я б зрабіў дакладна так. Ты можаш, гэта тваё жыццё, едзь і паказвай вынік”, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Беларускі кіраўнік лічыць, што з такой сітуацыі Расійская Федэрацыя можа прыгожа выйсці, даказаць, што адбылася несправядлівасць. Для гэтага расійскім спартсменам, якія паедуць на Алімпіяду, трэба перамагаць. Але ні ў якім разе не займаць апошнія месцы. “Думаю, Расія гэта перажыве… Я ўпэўнены, што без Расіі сусветны спорт збяднее”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі