Лукашэнкаўская газета заклікае "зачысціць" Курапаты

Курапаты / Еўрарадыё

Курапаты / Еўрарадыё

Крыжы ў Курапатах псуюць прыгожую мясціну, заяўляе ў газеце "Мінская праўда" прапагандыст Юрый Увараў. У сваім артыкуле пад назвай "Темный лес на окраине Минска. Танцы на костях евродипломатов и змагаров в Куропатах нужно прекращать" фактычна заклікае "зачысціць" Курапаты.

"Прыгожае месца каля сталічнага мікрараёна Зялёны Луг азмрочанае крыжамі, якія стаяць у лесе. Кожны год, нібыта ваўкалакі з хмурымі фізіяноміямі, там з'яўляюцца тыя, хто люта ненавідзіць законную ўладу ў Беларусі, а таксама дыпламаты недружалюбных нам краін", — піша Увараў.

Ён заяўляе, быццам ва ўрочышчы пахаваныя ахвяры не сталінскіх рэпрэсій, а людзі, расстраляныя фашыстамі і "беларускімі паліцаямі". Увараў накідваецца на адкрывальніка праўды пра Курапаты Зянона Пазняка і Васіля Быкава — "таленавітага пісьменніка, але, на жаль, невылечна хворага на "змагарызм".

Заявы Уварава, між тым, супярэчаць высновам некалькіх следстваў, праведзеных беларускай пракуратурай і вайсковай пракуратурай у 1980-я, 1990-я і 2000-я гады. Тады следчыя адназначна пацвердзілі, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры сталінізму.

Увараў заклікае выслаць з Беларусі дыпламатаў, якія наведваюць Курапаты. На яго думку, дыпламаты нібыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі і распальваюць сацыяльную варажнечу. Дасталося і апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, які з арцыбіскупам Станеўскім сёлета наведаў Курапаты.

"Ад імя беларусаў" Увараў прапаноўвае эксгумаваць парэшткі ахвяр у Курапатах і перапахаваць іх.

Варта нагадаць таксама, што Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Некалькі гадоў таму з ініцыятывы дзяржавы там паставілі памятны знак.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі