Лякарня хуткай дапамогі адхрысцілася ад скандальных фота з аперацыйнай
У гарадской клінічнай лякарні хуткай меддапамогі Мінска абверглі звесткі, што скандальныя фота з аперацыйных зробленыя ў іх.
Агенцтву "Інтэрфакс" лекары заявілі, што ў іх няма ні радзільнага, ні гінекалагічнага аддзялення. Аперацыі, паказаныя на фота, у гэтай больніцы не робяцца.
Як заявіла галоўная медсястра Святлана Балабока, у іх лякарні няма супрацоўніцы, якая выклала скандальныя фота ў інтэрнэт. Фота галоўнага ўваходу ў лякарню, размешчанае на адпаведнай інтэрнэт-старонцы, медсястра назвала памылкай.
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі ў сацыяльных сетках з'явіліся фотаздымкі з аперацыйнай, якія выклікалі скандал. На іх паказваліся роды жанчыны, аперацыя па ампутацыі нагі мужчыны і яшчэ дзве аперацыі жанчынам. Паведамлялася, што здымкі зробленыя ў адной з мінскіх клінік. У Instagram іх выклала карыстальніца з акаўнту @tanyamytanya. Калі выбухнуў скандал, аўтарка фота знішчыла свой акаўнт, але здымкі ўжо сталі гуляць у інтэрнэце.
Фота — onliner.by