“Ляпис Трубецкой” пераносіць канцэрты: Міхалок сарваў голас
Дактары рэкамендавалі перапыніць тур на тыдзень. Калі лідар "ляпісаў" не паспее аднавіцца, пад пытаннем апынецца і выступленне ў Вільні 30 лістапада.
Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце гурта:
"На жаль, сітуацыя са звязкамі Сяргея Міхалка апынулася больш сур'ёзнай, чым мы думалі. Ён сарваў голас у Зеленаградзе і да гэтага часу не аднавіўся, — гаворыцца ў паведамленні. — Таму па рэкамендацыі лекараў мы вымушаныя перапыніць наш тур на тыдзень. Канцэрт у Туле пераносіцца на 11 лістапада, канцэрты ў Йашкар-Оле і Чэбаксарах — на 5 і 6 лютага адпаведна. Мы яшчэ раз прыносім свае прабачэнні ўсім , хто збіраўся наведаць гэтыя канцэрты, і спадзяемся на разуменне публікі".
Нагадаем, у Вільні "Ляпис Трубецкой" збіраецца прэзентаваць новы, цалкам беларускамоўны альбом "Грай". Квіткі на канцэрт раскупленыя даўным даўно. Выкупленыя і ўсе білеты на зручныя цягнікі. Для таго, каб усе прыхільнікі “ляпісаў” змаглі дабрацца на канцэрт з Мінска, "Мінсктранс" афіцыйна арганізуе ні многа, ні мала — 10 дадатковых аўтобусаў.