Калмыкоў: Міхалок не гатовы ісці ў прэзідэнты (фота, відэа)

Еўрарадыё: Яўген, а дзе Міхалок? Чаму мы размаўляем з табой, з дырэктарам, а не з музыкамі?

Калмыкоў: Мы для сябе вырашылі, што нам лепш займацца сваёй справай. І размаўляць са светам з дапамогай твораў мастацтва. Тое, што мы робім, мы лічым творамі поп-арту, творамі мастацтва. Таму вось цяпер побач са мной Аляксей Церахаў.

Церахаў: Ад сябе дадам: тое, што вы ўбачыце на канцэрце ў “Сіменс-Арэне”, — гэта не будзе проста нейкі віджэйскі сэт. Гэта будзе, хутчэй, вельмі кансерватыўны відэа-арт. У авангардным ключы. Гэта не будзе поп. Гэта будзе нешта ў стылі відэа-арта 1970-х, гэткі олдскул.

Аляксей Церахаў

Еўрарадыё: Яўген, кажуць, што Міхалок цяпер увогуле не дае ніякіх інтэрв’ю ні на якія тэмы. Ці сапраўды гэта так? Чаму?

Калмыкоў: Сапраўды. Ніякіх інтэрв’ю. Мы хочам размаўляць са светам толькі з дапамогай музыкі.

Еўрарадыё: Тады пра музыку. Анансавалася, што ў Вільню “Ляпісы” едуць з адмысловай праграмай. Што гэта будзе?

Калмыкоў: Гэта перадусім акцэнт на беларускамоўныя песні гурта, якія мільгалі ў апошніх альбомах. Па адной-дзве кампазіцыі. А вось цяпер гэта ўсё ператварылася ў паўнавартасны “Грай”. Гэта першае. А другое, да нас едуць землякі. Вядома, на канцэрце будуць і літоўцы, і ўкраінцы, і з Масквы нехта прыедзе. Але асноўная публіка — гэта будуць беларусы. І такі канцэрт будзе адзін. Мы не збіраемся рабіць тур “Грай”. Гэта будзе такі “Усебеларускі сход”.

Еўрарадыё: Дык мо і зробім Міхалка на ім адзіным кандыдатам ад апазіцыі?

Калмыкоў: Не, ён не гатовы. Мы ж прытрымліваемся анархічнага светапогляду. Гэта я магу з упэўненасцю сказаць. За ўвесь гурт магу сказаць. І мы ўвогуле супраць усіх прэзідэнтаў, на самой справе (смяецца).

Яўген Калмыкоў

Еўрарадыё: А памятаеш, на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Чэхіі быў такі кандыдат, увесь у татуіроўках. Магчыма, Міхалок мог бы вытварыць нешта падобнае?

Калмыкоў: Мы лічым, што прэзідэнт павінен мець не толькі татуіроўкі. А нешта яшчэ. Вельмі спадзяюся, што людзі ацэньваюць прэзідэнта не толькі па малюнках на скуры.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што не будзе тура “Грай”. То бок, можна сказаць, што гэтая праграма больш нідзе не паўторыцца?

Калмыкоў: Пакуль такіх планаў няма.

Церахаў: Магчыма, будуць паўторы відэаматэрыялу. У “Сіменс-Арэне” мы яго выпрабуем, гэта будзе тэставая частка. Магчыма, нешта цікавае з гэтага ўсяго выйдзе. Чакайце анонсаў.

Еўрарадыё: Што пажадаеце тым, хто прыехаў на канцэрт у Вільню і асабліва тым, хто не здолеў трапіць на ваш выступ у літоўскай сталіцы?

Калмыкоў: Дарагія суайчыннікі! Па-першае, вялікі дзякуй вам. Мы вось ехалі аўтобусам сюды і ўяўлялі сабе, колькі турботаў мы сваім канцэртам у Вільні стварылі людзям. Калі яго арганізоўвалі, то неяк мала думалі пра гэта. Таму нам вельмі хочацца, каб тыя, хто да Вільні ўсё ж дабярэцца, пра гэта не пашкадавалі. І вялікі дзякуй за давер!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі