"Ляпісы" прэзентавалі новую песню і кліп "Танцуй!" (відэа)
Гэта першы сінгл з новага альбома.
Трэк "Танцуй!" быў запісаны падчас вясновага тура Lyapis Crew на эксперыментальнай перасоўнай студыі "Партызан Рэкардс", паведамляе афіцыйны сайт гурта. Вынік "ляпісам" вельмі спадабаўся. Кліп быў зняты ў Кіеве Аляксандрам Сцекаленкам.
Па словах Сяргея Міхалка, песня і кліп "Танцуй!" уяўляюць сабой "музычна-паэтычную і відэа-ілюстрацыю да двух навуковых прац", якія лідар гурта рыхтуе да друку. Першая з іх — аўтабіяграфічная дысертацыя па псіхалогіі. Другая тычыцца медыцыны, і гэта ўжо вынік калектыўнай працы. Удзельнікі інтэрнацыянальнай групоўкі Lyapis Crew даследуюць феномен калектыўных узліванняў і нястрыманых скокаў на постсавецкай прасторы падчас веснавога абвастрэння. Гэтым самым, падкрэслівае Міхалок, "ляпісы" яшчэ раз хочуць даказаць, што "рок і навука крочаць побач, нага ў нагу".
Песню "Танцуй!" можна спампаваць у iTunes, а кліп — паглядзець ніжэй.
Нагадаем, свой апошні альбом — "Рабкор" — ляпісы выпусцілі 1 траўня 2012 года. Яго канцэртная прэзентацыя — "Рабкор Live" — прайшла 29 жніўня ў Крыме, на фестывалі "Джаз Кактэбель".
"Ляпіс Трубяцкой" не выступае ў Беларусі з сярэдзіны 2009 года. Гурт знаходзіцца пад негалоснай забаронай. Пра гэта стала вядома, калі ў сакавіку 2011 года "па ініцыятыве арганізатараў" ў Мінску і іншых гарадах былі адмененыя прэзентацыі папярэдняй праграмы ляпісаў "Вясёлыя карцінкі".
Фота — lyapis.com