Людзі з аўтаматамі на вуліцах Баранавічаў (фота)
У горадзе прайшлі антытэрарыстычныя вучэнні. Паводле іх легенды, узброеныя тэрарысты захапілі лакаматыўную групу.
26 сакавіка ў Баранавічах у мікрараёне Трэццякі прайшлі антытэрарыстычныя вучэнні органаў тэрытарыяльнай абароны. Падчас іх адпрацоўвалася ўзаемадзеянне тэрытарыяльных войскаў з вайсковымі часткамі Баранавіцкага гарнізону, з падраздзяленнямі МНС і МУС, інфармуе Intex-press.
Паводле легенды вучэнняў, узброеныя тэрарысты захапілі лакаматыўную групу і запатрабавалі прадастаўлення аўтамабіляў, грошай і "хуткіх" для аказання дапамогі параненым бандытам. Калі падчас перамоваў "тэрарысты" "забілі" дваіх закладнікаў, пачаўся штурм. Некаторых зламыснікаў паранілі, іх кіраўніка "застрэліў" снайпер. Ратавальнікі адпрацоўвалі тушэнне пажару ў вагоне, які загарэўся падчас штурму.
На красавік ў Баранавічах запланаваныя паказальныя заняткі па ўзаемадзеянню сілавых структур.
Фота: Intex-press