Магілёўскага школьніка засыпала грунтам пад мостам
13-гадовы хлопчык трапіў у лякарню пасля таго, як яго засыпала грунтам пад мостам. Здарэнне адбылося 6 верасня ў Магілёўскім раёне, паведамляе БЕЛТА са словаў афіцыйнай прадстаўніцы ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксаны Салянюк.
Хлопчык нейкім прадметам збіваў спрасаваны грунт з апораў моста. У пэўны момант частка грунту абвалілася на падлетка.
Дарослых на дапамогу яму паклікалі дзеці, якія гулялі побач. Хлопчыка даставілі ў лякарню, дзе яго прааперавалі.
Цяпер следчыя праводзяць праверку і разбіраюцца ў абставінах здарэння.