Махлярка прапаноўвала купіць кватэру ў Мінску за 12 тысяч долараў

Махлярка прапаноўвала купіць кватэру ў Мінску за 12 тысяч долараў

У Мінску затрымалі жанчыну, якая стварыла ашуканскую схему па продажы другаснага жылля. Праваахоўнікі выявілі шэсць эпізодаў, агульная сума шкоды — больш за 170 тысяч рублёў, паведамляе прэс-служба МУС.

Падазраванай па справе праходзіць 37-гадовая мінчанка, жонка "крымінальнага аўтарытэта". 

Жанчына шукала людзей, якія хочуць палепшыць жыллёвыя ўмовы. Называючыся рыэлтарам, яна прапаноўвала купіць кватэру за вельмі нізкую цану. Напрыклад, трохпакаёвую кватэру каля станцыі метро на праспекце Пушкіна яна прапаноўвала за 23-26 тысяч долараў, а ў менш прэстыжным раёне купіць кватэру, па яе словах, можна было за 12 тысяч долараў.

Патэнцыйным пакупнікам жанчына тлумачыла, што жытло належыць асацыяльным асобам, якія злоўжываюць наркотыкамі альбо спіртным. Яны, маўляў, назапасілі вялікую камунальную запазычанасць. І цяпер дзяржава прадае кватэры. А для таго, каб кампенсаваць запазычанасць і набыць ранейшым гаспадарам жыллё ў сельскай мясцовасці, неабходны авансавы плацеж.

Для пераканаўчасці мінчанка паказвала кватэры знаёмых, у якіх брала ключы за невялікае ўзнагароджанне. Спакушаныя невысокім коштам, пакупнікі аддавалі грошы. Пацярпелымі прызнаныя шэсць чалавек.

Праваахоўнікі затрымалі жанчыну 27 сакавіка, яна змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі