“Махляры клянчаць грошы ў пераходах з партрэтам маёй хворай дачкі”
Бацькі маленькай Сашы Іванцовай за руку затрымалі адну са зламысніц. Пасля гэтага маме патэлефанавалі з пагрозамі.
Мінская сям'я Іванцовых праз дабрачынныя фонды збірала грошы на лячэнне цяжка хворай дачкі Аляксандры. Звычайныя беларусы адгукнуліся, і дзяўчынку адправілі на рэабілітацыю ў Польшчу. Збор сродкаў закрылі. Але невядомыя раздрукавалі з інтэрнэту партрэт маленькай Сашы і пачалі прасіць грошы нібыта на яе лячэнне ля супермаркетаў ды ў пераходах.
Бацькі самі змаглі вылічыць адну са зламысніц і здалі яе ў міліцыю. У той жа вечар Іванцовым патэлефанавалі з пагрозай. Нягледзячы на гэта, мінская міліцыя не жадае бачыць у гэтай абуральнай сітуацыі крыміналу.
Гісторыя Сашынай хваробы
Іванцовы — звычайная маладая сям’я. У 2009 годзе ў іх нарадзілася дачка Саша.
“Былі цяжкія роды. У дзіцяці быў аслаблены імунітэт. Як звычайна, нашлёпалі прышчэпак. Пасля ў Сашы выявілі запавольванне ў развіцці, у дзіцяці пачалі касіць вочы. Неўролаг не ведала, як даць гэтаму рады, сказала, што Сашка як тая гародніна, — у слязах узгадвае Яўгенія, матуля дзяўчынкі. — Дачцэ паставілі дыягназ “дзіцячы цэрэбральны паралюш”. Лячыліся ў Беларусі два гады, за гэты час навучыліся толькі сядзець. Далей я зразумела, што часу губляць нельга, і сама стала прымаць рашэнні. Бо шанцы, каб Сашка жыла, як нармальныя дзеці, былі”.
На лячэнне дачкі, як гэта часта здараецца, ішлі вялікія грошы. Адна з польскіх клінік паабяцала Іванцовым эфектыўную рэабілітацыю. На той момант сям’і, каб адправіць дзіця за мяжу, не хапала каля 4000 еўра. Такія дабрачынныя фонды, як “Дотык да жыцця” і “Мае сэнс”, далучыліся да збору сродкаў. Добрыя беларусы ахвотна адгукаліся на дапамогу, і Сашу адправілі ў Польшчу. Па вяртанні здароўе малой значна палепшылася.
“За год дзіця пачало хадзіць, трымаючыся за адну руку, сядаць на гаршчок, казаць “дзядзя”, “цёця”, навучылася жаваць ежу, — пералічвае мама Яўгенія. — Дабрачынныя фонды і сёння нам дапамагаюць, але збор сродкаў на інтэрнэт-сайтах быў афіцыйна закрыты. Нягледзячы на гэта, мне пачалі тэлефанаваць з розных гарадоў — Магілёва, Гомеля, Заслаўя — і паведамляць што па кватэрах ходзяць цыганы з фотаздымкам Сашы і збіраюць грошы на яе лячэнне. Нам і раней адна з рэлігійных арганізацый прапаноўвала такую форму збору сродкаў. Але з маральных прычын мы на гэта пайсці не маглі”.
Махлярка з перахода
Дайшло да таго, што сёлета 19 лютага грамадзянку з партрэтам Сашы пабачыла блізкая сяброўка Іванцовых. Проста ў сталічным пераходзе метро на Якуба Коласа. Яўгенія і яе муж тут жа рванулі на месца здарэння і заспелі фэйкавую “памочніцу” на прыпынку грамадскага транспарту. Яна сядзела побач з цыганкай.
“Дзяўчына, якая папрашайнічала з фотаздымкам маёй дачкі, аказалася Тамарай А. Яна прыехала ў Мінск з Гомельшчыны. У яе пакеце аказалася 200 тысяч рублёў буйнымі банкнотамі і заламінаваны фотаздымак Сашкі, даволі размыты, узяты з інтэрнэту. Тыя 200 тысяч, як нам падаецца, — гэта доля, якую Тамара атрымала за сваю “працу”. Тут падышлі міліцыянеры, павялі Тамару абшукваць у пакой на станцыі метро. Цыганку браць з сабой міліцыянеры катэгарычна адмовіліся: “Не-не, Людка тут не пры чым! Яна гандлюе бялізнай”. Калі мы паехалі ў РУУС Савецкага раёна, Тамара, відаць, спалохаўшыся, шмат чаго нагаварыла. Казала, што ёсць нейкая жанчына ў Магілёўскай вобласці, якая стаіць з такім самым фотаздымкам Сашкі. Што сама Тамара просіць грошы з фотаздымкам нашай дачкі дзесяць месяцаў і назбірала больш за 200 мільёнаў рублёў, якія аддавала цыганам”.
Фотаздымак Тамары А.. Узяты з сайта by24.org
Сітуацыя, пагадзіцеся, выглядае як промыслы сапраўднай злачыннай групы. Але ў міліцыі, як кажуць Іванцовы, да іх паставіліся з прахалодай.
“Раптам мне тэлефануе гэта самая “Мамуля” Лілія П., кажа, што ведае, дзе мы жывём”
“У РУУС Савецкага раёна нам адразу сказалі што гэтая справа — “трусы”. Гэта азначае, што складу злачынства няма, хай сабе сабраныя грошы ішлі не па прызначэнні, людзей падманвалі. Тым не менш мы настойвалі, каб заяву ад нас прынялі, — апісвае Яўгенія, што адбывалася ў міліцэйскім упраўленні. — У РУУС на мабільнік Тамары пачала назвоньваць нейкая жанчына, падпісаная ў тэлефоне “Мамуляй”. Тамара расказала, што гэта цыганка, якую завуць Лілія П. У РУУС мы прабылі некалькі гадзін, нашу заяву доўга не маглі аформіць. Пасля таго як адтуль вышлі, раптам мне тэлефануе гэтая самая “Мамуля” Лілія П. Яна пачала сварыцца: “Навошта вы напісалі заяву на дзяўчынку! Яна такая харошая, збірала для вас грошы і вось літаральна сёння хацела іх вам прывезці!” Потым пачала прасіць, каб мы забралі заяву, сказала, што ведае, дзе мы жывём і што прыедзе з намі разбярэцца. Мне стала не па сабе, патэлефанавала ў РУУС, сказала, што мне пагражаюць. У міліцыі прапанавалі ехаць назад. Давялося прасіць сястру, каб пасядзела з Сашкай. У РУУС з нас пасмяяліся, што мы напалохаліся ўсяго толькі тэлефоннага званка. Зноў угаворвалі не пісаць заву і не рабіць ім лішняй працы. Я настаяла, каб заяву прынялі, бо цягам следства гэта магло быць важкім аргументам. Але словы мае ў заяве перакаверкалі. Тады я напісала ўсё ад рукі. Раптам у іх нібыта адключыўся камп’ютар, хоць святло гарэла. Я папрасіла даць мне рэгістрацыйны нумар заявы. Сказалі, што змогуць гэта зрабіць толькі праз дзве гадзіны. Давялося зноўку вяртацца дадому”.
Мама Яўгенія была не толькі шакіравана дзеяннямі махляроў, але і хвалюецца сёння пра бяспеку сваёй сям'і
Міліцыя не знайшла сведак, да якіх з першага разу дазвоньваюцца журналісты
Каб пра здарэнне ў міліцэйскіх калідорах не забыліся, на наступны дзень Іванцовы зноўку выправіліся ў РУУС Савецкага раёна, на прыём да аднаго з намеснікаў начальніка. Той нібыта ўзяў справу пад свой кантроль. Пазней Іванцовым патэлефанаваў участковы, які праводзіў праверку, ветліва пагутарыў, але, па словах сям’і, намякнуў, што доказаў недастаткова.
Тады Іванцовы выставілі фотаздымак Тамары А. на сайце second.by. Праз некалькі дзён знайшліся і сведкі, якія пацвердзілі, што самі давалі Тамары грошы ў Мінску. Думалі, што такім чынам дапамагаюць маленькай дзяўчынцы.
“Жыву на Каменнай Горцы і часта яе там бачыла. Асабіста давала грошы, у тым ліку ў расійскіх рублях, — расказвае Еўрарадыё Маргарыта, адна з гэтых сведак. — Яна стаяла з такім жаласным выглядам, шкада было. Працую я на Якуба Коласа, харчуюся ў “Лідо”. Гляджу, яна і там стаіць у пераходзе. Апошні раз яе там бачыла тыдні два таму. А потым пабачыла здымак гэтай жанчыны ў інтэрнэце. Яна на фота ў капелюшы, але гэта дакладна той чалавек. У мяне памяць на твары вельмі добрая, бо сама працую ў кадрах”.
Тым часам у РУУС Савецкага раёна Мінска ніякіх сведак, якія б давалі грошы Тамары А., не знайшлі.
“У завядзенні крымінальнай справы адмовіць”, — напісана ў міліцэйскай пастанове, якую сям’я Іванцовых атрымала ў сераду, 4 сакавіка.
Пры гэтым у дакуменце спасылаюцца на допыт Тамары А, якая паведаміла, што за адзін выхад на промысел збірала да 1,5 мільёнаў рублёў.
Па факце званка з пагрозамі, якія паступілі ад “Мамулі” Ліліі П., у РУУС паставілі пытанне аб адміністрацыйным пакаранні.
“З ёй была праведзеная прафілактычная гутарка аб недапушчальнасці здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, таксама яна была папярэджаная аб тым, што ў адваротным выпадку будзе прыцягнутая да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — сказана ў яшчэ адной міліцэйскай пастанове.
Тым часам Іванцовым працягваюць паведамляць пра тое, што бачаць жанчын з фотаздымкам маленькай Сашкі ў іншых гарадах Беларусі.
Фота з архіву сям'і Іванцовых і аўтара