Макей правёў сустрэчу з апостальскім нунцыем у Беларусі (фота)
Клаўдыё Гуджэроці выказаў заклапочанасць некаторымі нядаўнімі выступленнямі, якія датычылі Рымска-каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
30 студзеня ў Мінску адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з апостальскім нунцыем у нашай краіне Клаўдыё Гуджэроці. Як інфармуе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства, Гуджэроці звярнуў увагу на некаторыя нядаўнія выступленні, якія датычылі Рымска-каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Апостальскі нунцый заклапочаны магчымымі інтэрпрэтацыямі згаданых выказванняў.
Нагадаем, нядаўна ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка заявіў, што некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца палітыкай ў Беларусі. Каталікі абурыліся і пачалі нават збіраць подпісы. Пра Рымска-каталіцкі Касцёл выказаўся на прэс-канферэнцыі і кіраўнік дзяржавы.
Клаўдыё Гуджэроці распавёў Уладзіміру Макею пра вялізную працу, зробленую Рымска-каталіцкім Касцёлам у Беларусі, у тым ліку ў справе падрыхтоўкі нацыянальных кадраў святароў.
Уладзімір Макей адзначыў, што беларускі бок вітае забеспячэнне нашай краіны менавіта нацыянальнымі кадрамі святароў, змяншэнне сярод іх замежнікаў, прызначэнне пантыфікам трох новых епіскапаў беларускага паходжання.
Макей падкрэсліў, што пазіцыя і практычная дзейнасць Ватыкана ў дачыненні да Беларусі з'яўляецца "вельмі канструктыўнай і збалансаванай". Каталіцкі Касцёл адыгрывае важную ролю ў выхаванні патрыятызму і падтрымцы культуры ў нашай краіне, адзначыў міністр.
Фота: mfa.gov.by