Макс Корж збіраецца выступіць у Крыме
За гэта на музыку ва Украіне могуць пачаць крымінальную справу.
Беларускі спявак Макс Корж збіраецца даць канцэрты ва Ўкраіне і Крыме. На афіцыйным сайце артыста паведамляецца, што 25 ліпеня запланаваны канцэрт у Адэсе, 31 ліпеня — у Сімферопалі, 1 жніўня — у Севастопалі.
Але выступы ў Крыме могуць стаць нагодай для таго, каб Каржу на бліжэйшыя некалькі гадоў забаранілі ўезд ва Украіну. Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй. Паводле ўкраінскіх законаў, замежнікі могуць трапіць на паўвостраў толькі атрымаўшы дазвол у Кіеве пры абгрунтаваных прычынах, сярод якіх "наяўнасць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасці, смерць сваякоў, выкананне дыпламатычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны". Ні турызм, ні канцэртная дзейнасць не лічацца дастатковымі прычынамі.
Звычайна замежнікі цяпер прыязджаюць у Крым з Расіі: гэта ніяк не фіксуецца памежнікамі. Але ва Украіне такая паездка лічыцца парушэннем дзяржаўнай мяжы і пагражае крымінальным артыкулам, калі пра яе стане вядома. Аднак Макса Каржа і яго гурт гэта не спыняе. У каментары тэлеканалу "Белсат" канцэртны дырэктар Руслан Манібаеў пагрозу крымінальнай справы пракаментаваў лаканічна: "Праверым асабіста".
Дарэчы, праз Расію ў Крым ездзіў, напрыклад, серб Горан Брэгавіч і падтрымаў кіраўніцтва Расіі. Пасля гэтага яго канцэрты ва Украіне былі адмененыя.