Максім Мірны выбыў з турніру "Ралан Гарос"

Максім Мірны выбыў з турніру "Ралан Гарос"

2 чэрвеня Максім Мірны правёў свой апошні матч на адкрытым чэмпіянаце Францыі "Ралан Гарос".

У чвэрцьфінальным матчы спаборніцтваў змяшаных пар Максім Мірны з кітаянкай Юнг-Жчан Чан прайгралі індыйска-харвацкаму дуэту Саня Мірза / Іван Додзіг — 1:6, 6:3, 6:10.

У мужчынскім парным разрадзе Максім Мірны выступаў з філіпінцам Трэтам Х'юі. Іх дуэт дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе саступіў французскаму тандэму Жульен Бенет / Эдуард Ражэ-Васлен — 4:6, 4:6.

Іншыя беларускія тэнісісты і тэнісісткі выбылі са спаборніцтваў яшчэ раней. У іх ліку апынулася і найлепшая беларуская ракетка Вікторыя Азаранка: яна з-за траўмы не змагла дайграць матч супраць італьянкі Карын Кнап.

Дарэчы, 2 чэрвеня вызначыліся ўсе паўфіналісты ў адзіночных разрадах. У мужчын серб Новак Джокавіч (нумар 1 у рэйтынгу АТP) будзе змагацца за выхад у фінал з 22-гадовым аўстрыйцам Дамінікам Цімам (15). У другім спаборніцтве паспаборнічаюць брытанец Эндзі Марэй і швейцарац Станіслас Ваўрынка.

У жанчын паўфінальныя пары складуць амерыканка Серэна Уільямс (1 у рэйтынгу WTA) з галандкай Кікі Бертэнс (58), а таксама іспанка Гарбін Мугуруза (4) з аўстралійкай Самантай Стосур (24).

"Ралан Гарос" першынство завершыцца ў нядзелю, 5 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі